Кіраўнікі Руху "За Свабоду" пакуль не ведаюць, ці будуць у савеце Макея

Першае пасяджэнне Грамадска-кансультацыйнага савета з удзелам незалежных экспертаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, створанага пры адміністрацыі прэзідэнта, пройдзе ў пятніцу ў Палацы рэспублікі.
У склад савета, які ачоліў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей, увайшлі старшыня БХК Алег Гулак, ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка, ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа і іншыя.

Дагэтуль невядома, ці будзе на пасяджэнні Савета прадстаўнік Руху "За Свабоду". Паводле словаў Віктара Карняенкі, Рада руху яшчэ не вырашала гэтага пытання. Аднак існуе думка, што замест Аляксандра Мілінкевіча туды мусіць ісці Карняенка. Гэта Мілінкевіч пацвердзіў у інтэрв'ю Еўрарадыё. Аднак пасля першапачатковага тэлефанавання кіраўніку Руху "За Свабоду" з адміністрацыі прэзідэнта, больш на сувязь з ім ці з яго калегамі ніхто не выходзіў і запрашэння не дасылаў. 

"Інтэрфакс" нагадвае, што мэта стварэння Грамадска-кансультацыйнага савета - абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўка прапановаў па больш актыўным уцягванні Беларусі ў агульнасусветныя працэсы, удасканаленні накірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны.