Кітай адмаўляецца ад палітыкі “адна сям’я — адно дзіця”
Цяпер сужэнцы змогуць мець дваіх дзяцей, калі самі былі адзінымі спадкаёмцамі ў сваіх бацькоў.
Кітайскія заканадаўцы вырашылі змякчыць палітыку “адна сям’я — адно дзіця”, якая праводзілася ў краіне з канца 1970-х гадоў з мэтай абмежавання нараджальнасці. Адпаведную рэзалюцыю прыняў сталы камітэт Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, паведамляе ВВС.
Пакуль гэта толькі намеры, бо рашэнні сталага камітэту павінны быць афіцыйна ўхваленыя сходам народных прадстаўнікоў. Аднак раней падобная дэмаграфічная палітыка ўжо дзейнічала ў некаторых рэгіёнах Кітая ў тэставым рэжыме.
Улады КНР вымушаныя пайсці на такое змякчэнне, каб вырашыць дзве праблемы. Па-першае, правіла “адна сям’я — адно дзіця” вельмі непапулярнае ў краіне і з кожным годам выклікае ўсё большую незадаволенасць з боку кітайцаў. Па-другое, урад заклапочаны імклівымі тэмпамі старэння насельніцтва. Паводле некаторых падлікаў, да 2050 года болей за чвэрць жыхароў КНР будуць старэйшымі за 65 гадоў, а гэта — наўпроставая пагроза рынку працы і крыніца сур’ёзных эканамічных праблем у будучыні.
На сёння насельніцтва краіны складае 1, 349 мільярда чалавек.