Кліп ляпісаў "Огоньки" не ўвайшоў у шорт-ліст "Рок-каранацыі 2008"!

Еўрарадыё даведалася, хто прэтэндуе на "рок-карону" за лепшы кліп 2008 года. Шорт-ліст з трох відэаролікаў журы склала ўвечары 11 сакавіка.
У тройку лепшых беларускіх рок-кліпаў 2008 г. трапілі "Tanki" (ZigZag vs. Neuro Dubel), "Мечтатели" ("Без Билета") і "Манифест" ("Ляпис Трубецкой"). Дагэтуль фаварытам лічыўся іншы кліп "ляпісаў" — "Огоньки". Але яму месца ў top-3 не знайшлося.

Супраць роліка Аляксея Церахава паўстаў вядомы тэлевядучы Сяргей Філімонаў. Маўляў, скарыстаны ў ім прыём яшчэ ў 2006 годзе заездзілі Moby з Mylène Farmer. І сапраўды, іх супольны кліп "Slipping Away (Crier La Vie)" пабудаваны як раз на вандроўках па анімаваных фотаздымках... Вось так "Огоньки", што пачалі заваёўваць узнагароды яшчэ да прэм'еры, а днямі выйгралі ганаровую расійскую прэмію "Чартова дюжина. Top 13", праляцелі міма "Рок-каранацыі"!

Акрамя сп. Філімонава, у выбарах лепшага леташняга кліпа ўдзельнічалі кінакрытык Максім Жбанкоў і Павел Свярдлоў, экс-рэдактар сайта "Смотритель", цалкам прысвечанага беларускаму музычнаму відэа. Кожны з экспертаў меў свайго фаварыта. Таму не дзіўна, што ў шорт-лісце засталося менавіта тры відэаролікі:



"Tanki" (ZigZag vs. Neuro Dubel). Па-дзюбелеўску і зусім не па-зігзагаўску змрочны, якасны і добра пастаўлены кліп Арцёма Лобача. Адчуваецца ўплыў Мэрыліна Мэнсана: аднекуль не адсюль незвычайная пластыка гэтых жахлівых белых зданяў! І самі гэтыя здані — не тутэйшыя.

"Людзей у гэтым кліпе павінна быць больш", — падзяліўся меркаваннем Сяргей Філімонаў.



"Мечтатели" ("Без Билета"). Сюжэтны ролік, галоўныя героі якога — fake plastic musicians, якія жывуць у скрыні і граюць для тых, каму гэтую самую скрыню прыносіць mr. postman. Паводле меркаванняў экспертаў, менавіта гэты кліп выглядае найбольш сучасна. То бок, ад актуальнага заходняга кліпмэйкерства яго аддзяляюць ўсяго нейкія там паўтара гады!

"Дэталяў у гэтым кліпе павінна быць менш", — падзяліўся меркаваннем Сяргей Філімонаў.



"Манифест" ("Ляпис Трубецкой"). Шорт-ліст намінацыі за лепшы кліп — і без мінулагодніх пераможцаў? Не можа такога быць! На "рок-карону" прэтэндуе канцэртнае відэа на тытульную песню апошняга альбома "ляпісаў".

"Калі за год айчынныя кліпмэйкеры не стварылі нічога выбітнага — варта арыентавацца на класіку!" — вырашылі эксперты. Кліп "Манифест" можна параўнаць шмат з якімі канцэртнымі ролікамі, але энергетыка ў ім — свая, непаўторная. Ляпісаўская.

Праца экспертаў амаль скончаная: з трох кліпаў засталося выбраць адзін. Праўда, падчас складання шорт-ліста быў агучаны і іншы варыянт: "рок-карону" разбіць проста на сцэне, дыплом падраць і выдаць па кавалачку рэжысёру кожнага роліка... Такога на "Рок-каранацыі", здаецца, яшчэ не было.

А ці будзе? Даведаемся ў суботу.

На фота: кадр з кліпа "Мечтатели".