Клысіньскі: У Беларусі пануе страх
Зробленыя сёння ў Савеце ЕС "захады" не вельмі спалохаюць Аляксандра Лукашэнку.
Такое меркаванне выказаў эксперт Цэнтра усходніх даследаванняў у Варшаве Каміл Клысіньскі ў інтэрв'ю радыё TOK FM.
Паводле яго словаў, Лукашэнка і яго атачэнне да 2008 года не мелі магчымасці ўезду ў краіны ЕС "і неяк жылі". Эканамічныя санкцыі сталі б для Мінска больш адчувальнымі, аднак іх ўводзіць, выглядае на тое, ніхто не збіраецца. У тым ліку, і з "гуманітарных" меркаванняў.
"Беларускія нафтавыя і калійныя кампаніі з'яўляюцца прадпрыемствамі, якія забяспечваюць працай вялікую колькасць людзей. Санкцыі супраць іх ударылі б па грамадзянам краіны", — сказаў Клысіньскі.
Эксперт адзначае, што адзінага стаўлення да санкцыяў няма не толькі ў Еўрасаюзе, але і ў беларускім грамадстве. Толькі параўнальна невялікая група беларусаў, якая мае доступ да свабодных СМІ, падтрымае ўзмацненне жорсткасці пазіцыі ЕС.
"У Беларусі пануе страх. Беларусы шануюць стабільнасць, мінімальны дабрабыт, а кожная рэвалюцыя ці радыкальныя рэформы могуць паставіць гэта пад пагрозу. Гэта і забівае ахвоту большасці насельніцтва краіны выйсці на вуліцы і падтрымаць радыкальныя дзеянні", — заявіў Клысіньскі.