Кнігу Ішкальдскага касцёла дапаможа выкупіць "Бацькаўшчына"

Патрэбная сума ўжо амаль сабраная. Пра гэта Еўрарадыё распавёў мінскі студэнт Андрэй Радкоў, які адкрыў рахунак па зборы сродкаў на выкуп кнігі Ішкальдскага касцёлу.
Нагадаем, што ўладальнік прапанаваў прадаць кнігу прыкладна за 3 мільёны рублёў. Як распавёў Радкоў, учора на рахунку было 1 мільён 200 тысяч беларускіх рублёў. Разам з грашыма, якія збірае ксёдз Ігар Лашук атрымалася 2 мільёны.

Магчыма, астатнюю суму дасць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Па словах Радкова, у пошуку грошай яму дапамог гісторык Антон Астаповіч:

Радкоў: “Спадар Астаповіч сказаў, што ён таксама пачаў шукаць магчымасці выдзялення гэтых сродкаў. І ён дамовіўся з аб’яднаннем “Бацькаўшчына”. Антон Астаповіч назваў прыкладную суму ў 300-400 долараў, якія зможа вылучыць на гэтую справу “Бацькаўшчына”.

Нагадаем, кніга Ішкальдскага касцёла - унікальны дакумент найстарэйшага ў краіне касцёла ў добрым стане. Кніга змяшчае запісы ад сярэдзіны XVIII да пачатку XIX стагоддзяў.