Колькасць абанентаў life:) ўзрасла да 231 тыс.

Абаненцкая база аператара сотавай сувязі life:) у 2008 г. павялічылася на 27,2%, паведамілі БелаПАН у прэс-службе life:).

На 1 студзеня колькасць карыстальнікаў паслуг life:) дасягнула 231 тыс. абанентаў, з якіх у снежні 2008 г.падключыліся каля 30 тыс.

Сувязь life:) забяспечваюць 818 базавых станцый. Колькасць уласных дзейных вежаў дасягнула 113. Кампанія забяспечыла радыёпакрыццё 64,3% тэрыторыі рэспублікі, на якой жыве 96,8% насельніцтва краіны. У Беларусі працуюць 177 дылерскіх пунктаў life:).

Закрытае акцыянернае таварыства "Беларуская сетка тэлекамунікацый" зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Пасля падпісання кантракта 29 ліпеня 2008 года ўвайшло ў міжнародную групу кампаній Turkcell. Цяпер заснавальнікамі кампаніі "Беларуская сетка тэлекамунікацый" выступаюць кампанія Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).