Колькасць абвінавачаных па справе 19 снежня дасягнула 32 чалавек

Паводле звестак праваабаронцаў, колькасць абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску, дасягнула 32 чалавек. Спіс папоўніў Аляксандр Малчанаў, удзельнік акцыі 19 снежня, які быў затрыманы 6 студзеня ў Барысаве і змешчаны пад варту, паведамляе БелаПАН. На 18 студзеня ў ліку абвінавачаных — пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Чатыры з іх знаходзяцца ў СІЗА КДБ: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Віталь Рымашэўскі быў вызвалены з СІЗА 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе.

Астатнія 27 абвінавачаных — прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы супрацоўнік міліцыі:

Аляксандр Арастовіч, давераная асоба Статкевіча;

Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба Саннікава;

Сяргей Вазняк, давераная асоба Някляева;

Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Някляева;

Аляксандр Класкоўскі, былы супрацоўнік міліцыі;

Уладзімір Кобец, кіраўнік штаба Саннікава;

Алег Корбан, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука;

Анатоль Лябедзька, давераная асоба Раманчука;

Мікіта Ліхавід, удзельнік акцыі;

Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штаба Статкевіча;

Дзмітрый Новік, удзельнік акцыі;

Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава;

Анатоль Паўлаў, кіраўнік выбарчага штаба Раманчука;

Анастасія Палажанка, намеснік старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт";

Наталля Радзіна, рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org;

Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба Рымашэўскага;

Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева;

Ірына Халіп, карэспандэнт расійскай "Новой газеты", жонка Андрэя Саннікава;

Арцём Брэус, грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Быў вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі, зноў затрыманы праз паўгадзіны ў межах крымінальнай справы. Абвінавачанне выстаўлена 5 студзеня;

Іван Гапонаў, грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Быў вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі, зноў затрыманы праз гадзіну ў межах крымінальнай справы. Абвінавачанне выстаўлена 5 студзеня;

Уладзімір Лобач, удзельнік акцыі 19 снежня, адбыў 10-сутачны адміністрацыйны арышт, пад вартай;

Дзмітрый Мядзведзь, пасля адбывання 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту змешчаны пад варту;

Андрэй Федаркевіч, удзельнік акцыі, пад вартай;

Уладзімір Хамічэнка, адбыў 15-сутачны адміністрацыйны арышт, пад вартай;

Павел Вінаградаў, актывіст кампаніі "Гавары праўду!", пад вартай;

Пазняк Андрэй. Быў пакараны штрафам у 30 базавых велічынь, пасля навагодніх святаў высветлілася, што ён змешчаны ў СІЗА МУС і яму выстаўлена абвінавачанне;

Аляксандр Малчанаў, удзельнік акцыі 19 снежня, затрыманы 6 студзеня ў Барысаве, змешчаны пад варту.