Колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ скарачаецца

Еўрарадыё спрабуе даведацца чаму? У вышэйшых навучальных установах зменшыцца колькасць бюджэтных месцаў. У гэтым годзе з ініцыятывы Міністэрства адукацыі набор студэнтаў будзе складаць на 700 чалавек менш. У асноўным гэта на сабе адчуюць гуманітарныя спецыяльнасці. Каб разабрацца ў прычынах гэтага скарачэння, мы звярнуліся да старшыні Парламенцкай камісіі ў адукацыі Уладзіміра Здановіча.

“Апошнія гады мы неяк захапіліся ростам лічбы студэнтаў на 10 тысячаў насельніцтва, але неяк мала ўвагі надавалі той праблеме, што ўзнікне пытанне, куды іх усіх працаўладкоўваць.

Пачатак тысячагоддзя – прыкладна 32 тысячы выпускнікоў ВНУ з вышэйшай адукацыяй. Літаральна праз год – ужо 41 тысяча. У мінулым годзе было выпушчана 53 тысячы. Становіцца менш выпускнікоў школ, давайце паглядзім па восені, ці павялічыцца конкурс на адно студэнцкае месца, ці не.

Не будзем забывацца і на тое, што вельмі шмат платнікаў, яны ж таксама недзе знаходзяць прымяненне на рынку працы. І яшчэ адна вельмі сур’ёзная прычына: ў мінулым годзе ўступілі ў сілу законы, якія рэгулюць размеркаванне.

Калі раней прыкладна кожны пяты выпускнік ВНУ, бюджэтнік, не даязджаў да месца размеркавання, то зараз яны ўжо будуць даязджаць”.

Па разліках Уладзіміра Здановіча, залішні выпуск у 2007 годзе будзе складаць прыкладна 24 тысячы чалавек, у 2008 годзе – 33 тысячы. А ўжо ў 2010 прыкладна 49 тысячаў маладых спецыялістаў будуць незапатрабаванымі.

Прэс-сакратар Беларускага дзяржаўнага універсітэту Вольга Шчадрына паведаміла Еўрарадыё, што загад на скарачэнне паступіў ад Міністэрства адукацыі, менавіта там вырашылі, у якіх ВНУ колькі месцаў трэба ўрэзаць.

“У нас скарацілі 80 месцаў. З 16-ці факультэтаў. Там будуць літаральна адзінкі. Дзесьці адно месца скароцяць, дзесьці два, ну пяць максімум. Гэта ўсё будзе разбіта, гэта ж па ўсім універсітэце. Таму, у прынцыпе, не значнае скарачэнне атрымліваецца”.

Колькасць дзённых бюджэтных месцаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі таксама скарацілася, але не так істотна, усяго на 5 месцаў – з 920 на 915. У сваю чаргу, на платную дзённую аснову набор у гэтую ВНУ складае 775 чалавек.

На пытанне, ці не з’яўляюцца такія крокі паступовым замяшчэннем бюджэтных месцаў платнымі, адказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Галіна Смірнова:

“У прынцыпе, так. Таму што дзяржаве, напэўна, таксама прыходзіцца нялёгка, па бюджэтнай форме навучання планы прыёму дастаткова вялікія. А платныя – калі ласка, галоўнае, каб яны не выходзілі за ліцэнзійную дзейнасць, за колькасць месцаў, вызначаную ліцэнзійнай дзейнасцю ВНУ”.

Ці насамрэч беларуская вышэйшая адукацыя ў хуткім часе мае пагрозу ператварыцца ў платную? На гэтую тэму разважае Уладзімір Здановіч:

“Я такое пытанне задаваў, ці не здарыцца парушэнне Закону аб адукацыі, у якім вельмі трапна напісана, што забараняецца павелічэнне прыёму на платную форму навучання, за кошт скарачэння бюджэтных месцаў.

Калі я буду валодаць статыстычнымі звесткамі па восені, пракантралюю гэтае пытанне. Калі, напрыклад, на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці адбудзецца памяншэнне і адначасова на гэтыя ж спецыяльнасці павялічыцца набор на платную сістэму – вось гэта будзе найгрубейшым парушэннем закону.

Ва ўсялякім выпадку, у Міністэрстве адукацыі мяне запэўнелі, што на гэтыя спецыяльнасці набор не будзе павялічвацца на ўсе формы – і на платную, і на бюджэтную”.

Ці можа гэтае скарачанне стаць асновай да істотнага памяншэння колькасці студэнтаў у будучым? Распавядае Уладзімір Здановіч:

“Вялікай трывогі я не адчуваю. У 2008, 2009, 2010 годзе, лічба прыёму на бюджэтную форму навучання не будзе істотна змяншацца. А ў 2010 годзе па прагнозных паказчыках нават чакаецца рост”.


Фота — photo.bymedia.net