Колькасць нападаў у Кёльне ў навагоднюю ноч перавысіла 500

Колькасць нападаў у Кёльне ў навагоднюю ноч перавысіла 500

Колькасць злачынстваў, учыненых у навагоднюю ноч у нямецкім Кёльне, дасягнула 516. Прычым 40% з іх звязаныя з сэксуальнымі дамаганнямі, перадае BBC заяву паліцыі горада.

Яшчэ напярэдадні казалі пра 379 выпадкаў злачынных нападаў на жанчын у навагоднюю ноч. Аднак за апошнія суткі высветліліся новыя выпадкі. Да таго ж паліцыя выявіла, што падобныя напады ў тую ж ноч у іншых гарадах Нямеччыны звязаныя з Кёльнам.

Міністр юстыцыі Германіі Хейка Маас заявіў журналістам, што, без сумневу, усе напады былі загадзя спланаваныя.

Улады, сведкі і самі ахвяры злачынстваў кажуць, што ў ноч нападаў на прывакзальнай плошчы Кёльна сабралася каля 1000 мужчын. Потым яны падзяліліся на невялікія групы і пачалі прыставаць да жанчын, дамагацца іх і рабаваць.

У суботу паліцыя ўжыла вадамёты, каб супакоіць удзельнікаў акцыі пратэсту супраць мігрантаў.

Канцлер Ангела Меркель прапанавала спрасціць працэдуру дэпартацыі мігрантаў, якія ўчынілі злачынства.

Фота: Getty