Колькасць захворванняў на грып ва Ўкраіне не перавышае норму

Пакуль СМІ напоўненыя звесткамі пра хворых на свіны грып, Еўрарадыё даведалася, як насамрэч выглядае сітуацыя і якім чынам будуць змагацца з захворваннямі ў Польшчы. Колькасць захварэлых на грып і ВРВЗ ва Украіне па апошніх звестках перавысіла 250 тысяч асобаў. З іх 67 — гэта смяротныя выпадкі. Аднак у прэс-цэнтры ўкраінскага Міністэрства аховы здароўя кажуць, што панікаваць рана. Пакуль лічба захворванняў не перавышае ўзровень мінулага году.

Святлана, супрацоўніца прэс-цэнтра Мінаховы здароўя: “Пакуль яшчэ рана нешта казаць, таму што год не скончыўся, але пакуль сітуацыя прыкладна такая ж (як і у мінулым годзе. — ЕРБ.), прынамсі на мінулым тыдні была, не перавышала паказчыкаў. Адзінае, што адрозніваецца, гэта тое, што парог перавысіўся ў кастрычніку, а звычайна гэта адбываецца ў студзені”.

Тым не менш Украіна папрасіла ў суседніх краінаў дапамогі ў змаганні з хваробамі. Польшча ужо адправіла ў Львоў лекі (таміфлю), апарат для падтрымкі дыхання, 300 масак і 70 камплектаў камбінезонаў для медыкаў. Напагатове знаходзяцца і польскія памежныя службы, даведаліся мы ад прэс-сакратара Галоўнай Санітарнай Інспекцыі Польшчы Яна Бондара.

Ян Бондар: “Усе, хто працуюць на мяжы, то бок памежнікі, мытныя службы атрымалі сродкі забеспячэння перад захворваннямі — маскі і пальчаткі. На мяжы і ў памежных ваяводствах таксама дзяжураць нашыя санітарныя службы”.

Выразна хворых людзей медыкі адпраўляюць на даследаванні ды ізалююць ад грамадства. Некалькі такіх выпадкаў было выяўлена ў польскім горадзе Пшэмысль. Зараз хворыя адчуваюць сябе лепш, аднак застануцца ў шпіталі, пакуль не прыйдуць вынікі аналізаў. Аднак агульная колькасць захворванняў у польскіх памежных ваяводствах не павялічылася. Таму і зачыняць мяжу з Украінай ніхто не збіраецца, паведаміў Еўрарадыё Ян Бондар.

Ян Бондар: “Закрыццё мяжы хутчэй за ўсё не адбудзецца. Да таго ж мы маем меркаванне Еўрапейскага Цэнтра кантролю хваробаў. Цэнтр лічыць, што ўвядзенне абмежаванняў для падарожжаў ва Ўкраіну не паўплывае на ахову здароўя грамадзян”.

Не прадбачыцца ў Польшчы і карантыну ў школах ці масавай вакцынацыі. Улады збіраюцца замовіць прышчэпкі супраць “свінога грыпу”, аднак іх атрымае толькі адзін з дзесяці чалавек.

Ян Бондар: “Польшча не плануе масавай вакцынацыі. Пакуль ідзе гаворка аб 4 мільёнах прышчэпак, якія атрымаюць працаўнікі аховы здароўя, энергетыкі, транспарту, а таксама асобы, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, то бок з хранічнымі захворваннямі, астмай, цукровым дыябетам”.

А вось прышчэпкі супраць сезоннага грыпу кожны жадаючы можа зрабіць у мясцовай паліклініцы за 25-30 злотых (каля 10 долараў). Аднак сёлета ў Польшчы не стала больш ахвотнікаў прышчапіцца ад грыпу, паведаміў Ян Бондар. Толькі вельмі нязначны адсотак грамадства давярае вакцынацыі.

Фота www.rmf.fm