Копію Турынскай плашчаніцы павязуць па Беларусі

З 20 чэрвеня па 4 ліпеня 2010 года ў Віцебску ў парафіі Ісуса Міласэрнага будзе знаходзіцца копія Турынскай Плашчаніцы. На працягу двух тыдняў вернікі ўсіх віцебскіх парафій змогуць памаліцца каля яе. Акрамя таго, копію Турынскай Плашчаніцы, якая знаходзіцца ў Чырвоным касцёле ў Мінску, будуць вазіць амаль па ўсёй Беларусі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

Амяльчэня: "З Чырвонага касцёла будзе вандраваць па некаторых парафіях Беларусі. Зараз - у Віцебск. Сама Турынская плашчаніца выстаўляецца раз на 25 год. І на гэты год прыпадае яе выстаўленне. Яно ўжо скончылася ў Турыне. Гэтаму і прысвечана вандраванне копіі Турынскай Плашчаніцы па Беларусі".

Як нагадвае Сatholic.by, Турынская Плашчаніца — гэта 4-метровае ільняное палатно, у якое, паводле падання, было завернутае цела Ісуса Хрыста пасля Яго ўкрыжавання. Рэліквія захоўваецца ў катэдры святога Яна Хрысціцеля ў Турыне (Італія).