Костка: Атаку на амбасаду ўчынілі спецслужбы

На думку былога супрацоўніка КДБ Беларусі Валерыя Косткі, малаверагодна, што напад на расійскую амабасаду ў Мінску маглі здзейсніць нейкія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, незадаволеныя фільмам “Хросны бацька”. Хутчэй, кажа ён, за гэтым стаяць альбо беларускія, альбо расійскія спецслужбы.
Костка: “Звычайна такімі акцыямі ніхто не жартуе. І версія, што гэта зрабілі грамадзяне, незадаволеныя “Хросным бацькам”, яна менш за ўсё верагодная. Зараз ідзе вялікая гульня, а дзе палітычная гульня на постсавецкай прасторы, такой, як Расія і Беларусь, там абавязкова павінны прысутнічаць спецслужбы хоць у нейкім выглядзе. Тое, што звязана з выбухамі, забойствамі снайперамі, – за гэтым на 98-99% стаяць спецслужбы”.

Апроч таго, ён нагадаў пра скандал з эстонскім дыпламатам і затрыманнем літоўскага паліцыянта. Усё гэта, лічыць Костка, сведчыць пра тое, што камусьці выгадна зараз сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі-суседзямі. А тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбараў, сведчыць, што тут няма ні тэрарызму, ні хуліганства, а толькі “чыстая” палітыка. Праўда, экспер не ўдакладніў, каму гэтыя канфлікты могуць быць выгадныя.