"Крамбамбуля" заспявае з вядомымі беларускамі

14 лютага, у сусветны Дзень усіх закаханых, гурт "Крамбамбуля" запрашае на "Рамантычны канцэрт", які адбудзецца ў мінскім West World Club. У праграме новыя песні і лепшыя хіты, а таксама прыемныя сюрпрызы і неабмежаваны святочны настрой!

Паводле словаў лідэра гурта Лявона Вольскага, "адмыслова для гэтага канцэрту рыхтуюцца розныя нечаканыя дуэты. Гэта свята закаханых, таму будзе шмат рамантычных песняў, якія будуць спявацца разам з вядомымі дзяўчынкамі".

Плануецца, што з "Крамбамбуляй" у гэты дзень заспяваюць прадстаўніцы розных мастацкіх і музычных плыняў: актрысы Святлана Зелянкоўская і Ганна Хітрык ("ДетиДетей", рок-вакалісткі Руся (Indiga) і Вольга Самусiк ("Тарпач", Zygimont Vaza), фолк-спявачка Маша Яр (Yar).

Вольскі дадаў, што таксама падчас гэтага канцэрту ўпершыню за 4 гады гурт выканае песню "Грапа, к’янці і марціні" разам з опернай спявачкай Нінай Цішко: "Гэта без перабольшанняў ужо легендарны дуэт. Трэба будзе яго неяк запісаць!".