Крамы duty-free з 1 ліпеня не адкрыюць

Нягледзячы на абяцанні аднавіць бяспошлінны гандаль на памежных пераходах, былыя "д’юцікі" працягнуць прадаваць выключна беларускую гарэлку, цукеркі ды саламяныя цацкі.
На пачатку года на прэс-канферэнцыі кіраўнік Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі ў адказе на пытанне пра крамы бязмытнага гандлю паведаміў, што зачыненыя duty-free вернуцца ў Беларусь з 1 ліпеня.

Але, як высветліла Еўрарадыё, Памежны камітэт гэтым пытаннем не займаецца, і пра дату адкрыцця крамаў ужо ніхто не ведае.

"Пазіцыя Памежнага камітэта, што крамы павінны на вызначаных умовах працаваць, існуе. Але іх адкрыццё ў нашай кампетэнцыі пакуль не знаходзіцца", — кажа прэс-сакратар Памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Адкрыццё duty-free звязвалі з пачаткам дзеяння Мытнага кодэксу, ён таксама мусіў вырашыць гэтае пытанне. Першага ліпеня — ужо заўтра, але самі крамы знаходзяцца ў няведанні.

"Пакуль ніякай у нас інфармацыі няма. Заканадаўства, якое б адкрывала сістэму, не прынятае. Закон, які б дазваляў працу д’юцi фры на аўтадарожных пунктах пропуску, не выйшаў яшчэ", — кажа кіраўнік "Бела трэйдынг д’юцi фры" Галіна Ярашчук.

Таму пакуль крамы прадаюць беларускую гарэлку, цукеркі, ды цацкі з саломы, кажа прадавец крамы на памежным пераходзе з Літвой “Беняконі”.

"Мы працуем, як прыдарожны сэрвіс, рознічны гандаль здзяйсняем. Указу ніякага не было, і мы самі думалі, як з намі паступяць. А пакуль мы працуем па-ранейшаму".

1 ліпеня 2007 года крамы закрылі лістом старшыні Мытнага камітэта. Фірмы спрабавалі судзіцца, але ў лістападзе выйшаў указ прэзідэнта, які забараніў дзейнасць д'юці фры. Дазволілі працаваць толькі ў Нацыянальным аэрапорце, але на асаблівых умовах.

"На мытнай тэрыторыі Беларусі могуць размяшчацца крамы, створаныя Галоўным упраўленнем па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый “Дыпсэрвіс” Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, заснавальнікам якой з'яўляецца гэтая дзяржаўная ўстанова", — гаворыцца ва ўказе.

У аэрапорце дазволілі працаваць тром крамам бяспошлiннага гандлю — сумесным прадпрыемствам "Бела трэйдынг д’юцi фры" i "Самлен", а таксама гандлёваму прадпрыемству "Дыпмаркет", што належыць Упраўленню справамi прэзiдэнта.

"На тых умовах, якія прапанавала дзяржава, нашыя ўласнікі адмовіліся працаваць. У нас цяпер ёсць крама ў аэрапорце, але яна не д’юцi фры. А вось дзве фірмы "Самлен" і "Дыпмаркет", якому ўсё належыць, — яны і займаюцца гэтым таварам", — распавялі Еўрарадыё ў краме "Бела трэйдынг".

Аднак калі адкрыюць крамы д’юці фры на памежных пераходах, ніхто адказаць так і не здолеў.