Крысціян Бэйл будзе Джонам Конарам тры наступныя серыі

Крысціян Бэйл, які выканае ролю Джона Конара ў новым "Тэрмінатары", падпісаў кантракт на ўдзел адразу ва ўсіх фільмах новай трылогіі. Як паведамілі BBC News са спасылкай на прадзюсараў "Terminator Salvation: The Future Begins", у новым баявіку дзеянне будзе адбывацца ў будучыні, дзе супраціў пад кіраўніцтвам Джона Конара вядзе барацьбу супраць кампутарнай сеткі "Скайнэт", якая спрабуе знішчыць чалавецтва.

Мяркуецца, што ролю тэрмінатара ў карціне выканае Джош Бролін, які ў 2007 годзе зняўся ў карціне "Старым тут не месца" братоў Коэнаў.

У праекце таксама занятыя Сэм Уортынгтан, Антон Ельчын, Мун Бладгуд і рэпер Common.

Рэжысёрам "Terminator Salvation" выступіць Джозэф Макгінці Нікала, які раней зняў дзве часткі "Анёлаў Чарлі".

Сцэнар да фільма напісалі Джон Бранката і Майкл Фэрыс, аўтары трэцяй часткі карціны.

Нагадаем, што брытанскі акцёр Крысціян Бэйл вядомы па фільмах "Амерыканскі псіхапат", "Прэстыж", "Бэтман. Пачатак" і "Эквілібрыум".

Фота: www.etonline.com