Крыж Рагнеды знайшлі ў гародзе пад бульбай

Навукоўцы адкапалі жытло першага летапіснага князя Рагвалода. Прычым проста пад бульбоўнікам у адным з полацкіх гародаў. Распавядае кіраўнік раскопак, загадчык кафедры гісторыі і археалогіі Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзяніс Дук: Мы капаем на старажытным гарадзішчы полацкім. Гэта месца, дзе жыў Рагвалод, дзе ён быў палонены, забіты, дзе была ўзятая гвалтам у жонкі Рагнеда, дзе былі забітыя дзеці Рагвалода. Гэта самая старажытная на сёння частка Полацка, знойдзеная археолагамі.

Гэтае месца ўяўляе вялікі інтарэс для навукоўцаў. Але апошні раз раскопкі тут праводзіліся 45 гадоў таму. Далейшаму вывучэнню полацкага гарадзішча замінала сучасная забудова. У гістарычным цэнтры Полацка зараз знаходзіцца прыватны сектар — дамы і гароды. З гаспадаром аднаго з такіх надзелаў навукоўцам удалося дамовіцца. Месцам археалагічных даследаванняў стаў звычайны гарод плошчай у некалькі сотак.

Гарод вялікі, але рэч у тым, что трэба і зямлю некуды падзець. Такая банальная ў нас праблема. Таму мы абмежаваліся тым, што ўзялі трэцюю частку гарода і дзве траціны пусцілі пад адвал, куды згружаем адпрацаваную зямлю. І так спадзяемся траншэямі, раскапаўшы адну частку, закапаўшы, перайсці да другой.

І ўжо першыя два тыдні прынеслі археолагам цікавыя знаходкі.

Можна сказаць, у трох метрах ад дома. Пад бульбоўнікам, скажам так, не глыбока. Пад бульбай ляжаў крыж-энклапіён.

Крыж, які знайшлі даследчыкі, адносіцца да 11–12 стагоддзяў. На ім знаходзіцца выява князя Барыса, які трымае на далоні храм. Папярэдне мяркуецца, што гэта старажытны выгляд полацкага Сафійскага сабора.

Акрамя таго, археолагі знайшлі шмат прадметаў меднага ліцця і фрагментаў шкляных упрыгожванняў. Паводле словаў Дзяніса Дука, менавіта ў гэтым месцы знаходзілася рэзідэнцыя князя Рагвалода, тут жылі яго дружыннікі разам з сем’ямі. Знайшлі даследчыкі і сляды старажытнага папялішча. Мяркуецца, што гэта попел старажытнага Полацка — яго захапіў кіеўскі князь Уладзімір, які забіў Рагвалода і гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай полацкую князёўну Рагнеду.

У сераду архелагічныя раскопкі ў Полацку будуць працягнутыя пасля тыднёвага перапынку.


Фота — palatida.zomin.net