Ксёндз Ёзас Булька зноў трапіў у рэанімацыю

У вядомага святара ачаговы інфаркт. Медыкі ацэньваюць яго стан як цяжкі
Бадай што самы знакаміты беларускі ксёндз Ёзас Булька раптоўна трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы Глыбокага. У святара ачаговы інфаркт. Медыкі ацэньваюць яго стан як цяжкі.

Паплечніца ксяндза Марыя Ткачонак, адміністратар мясцовых антыалкагольнага і краязнаўчага музеяў, сцвярджае, што святар занадта шмат працаваў і ніяк не хацеў класціся ў бальніцу па сваёй волі, у выніку апынуўся ў рэанімацыі. 

Марыя Ткачонак: “Здароўе пахіснулася. Там пры ім сядзіць чалавек, ён у нас у касцельным камітэце… Ксяндзу прапаноўвалі легчы ў бальніцу. Ціск, сасуды… А ён: “А, трошкі яшчэ папрацую, на могілках трэба парадак навесці, ля касцёла ёсць планы нешта зрабіць, пакуль маразоў няма”. Дацягваў, дацягваў. Ён на кропельніцы стаў ездзіць, і нешта вось не пайшло, зрабілася яму горш. У Мосар ужо не вярнуўся”. 

Спадарыня Марыя адправіла нас да равесніцы ксяндза Булькі Станіславы Наско, якая штодня размаўляла са святаром. Бабуля Станіслава сцвярджае, што здароўе 83-гадовага ксяндза рэзка пагоршылася з-за “паклёпніцкіх” артыкулаў у газетах. Нагадаем, што вясной гэтага года ў польскіх і беларускіх СМІ з’явіліся навіны пра распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да Булькі пракуратурай Літвы. Ксяндза абвінавачвалі ў генацыдзе літоўцаў у пасляваенныя гады. Маўляў, ён здаваў савецкім спецслужбам сваіх паплечнікаў, "лясных братоў", што падпольна ваявалі з СССР. Друкаваўся нават фотаздымак з маладым Булькам. Праўда, як высветлілася пазней, пракуратура літоўскага горада Ігналіна так і не прад’явіла ксяндзу канкрэтных абвінавачванняў. 

“Быў 1945 год, які ён мог быць агент?" — разважае Станіслава Наско. — "Быў такі фотаздымак, але гэта падробка. Тут мы ўсе перажывалі, тут жанчыны казалі, што калі прыедуць яго забіраць, мы ўсе ляжам пад машыну. А сам ён казаў, што беларусы — самы лепшы народ. Адразу, як ён прыехаў у Мосар, яго прынялі, як святога. Як за Бога яго моладзь прыняла. Не было такога выпадку, каб яму хто адмовіў”.

Маючы добрую магчымасць, пытаемся ў бабулі Станіславы, ці быў Ёзас Булька ў маладосці агентам спецслужбаў, ці размаўляў ён на такія тэмы са сваімі мосарскімі паплечнікамі.

Станіслава Наско: “Ён толькі кажа так, што ён змагаўся за цвярозасць. І, можа, не тое ляпнуў калі. Пасля вайны засталася група там, можа, 15 чалавек. Баяліся Савецкага Саюза яны. Па лясах хаваліся, гналі самагонку, пілі. Можа, ён выдаў толькі самагонку. Ён сказаў: “Не адчуваю за сабой віны, не трымаў зброі ў руках, але калі мяне прызнаюць вінаватым, дакажуць маю віну, вазьму крыж на плечы і пайду яе загладжваць”. 

Нагадаем, што ў красавіку гэтага года ксёндз ужо трапляў у бальніцу. Здарылася гэта адразу пасля з’яўлення ў СМІ артыкулаў пра яго магчымую супрацу са спецслужбамі.   

На жаль, усю праўду біяграфіі Ёзаса Булькі не ведаюць нават яго найбліжэйшыя паплечнікі. Касцельныя іерархі таксама адмаўляюцца каментаваць “справу Булькі”. Але адно зразумела дакладна: для беларускай культуры ксёндз Булька зрабіў нямала — аднавіў некалькі касцёлаў, усталяваў помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу Другому, паставіў “Эйфелеву вежу” ў вёсцы Парыж. Ці ёсць яшчэ ў нашай краіне такія актыўныя святары? І непасрэдна перад беларусамі гэты чалавек дакладна ні ў чым не вінаваты.

Фота nn.by