Кубак Шпэнглера ўсё ж такі прыедзе ў Мінск

Кубак Шпэнглера, здабыты хакеістамі мінскага "Дынама" на турніры ў Швейцарыі, усё ж такі будзе дастаўлены ў Мінск. Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны", кубак будзе дастаўлены да 30 студзеня. Нагадаем, ганаровы трафей сталічныя дынамаўцы здабылі ў канцы мінулага года, але пасля цырымоніі ўзнагароджання крыштальны прыз, выслізнуўшы з рук капітана каманды, разбіўся. Тады гаспадары турніру паабяцалі даслаць замену.

Кубак Шпэнглера — галоўны прыз найстарэйшага ў свеце міжнароднага хакейнага турніру той жа назвы. Турнір праходзіць у швейцарскім горадзе Давосе штогод паміж Калядамі і Новым годам.