Курапацкім вандалам пагражае да трох гадоў турмы

Бараўлянскі аддзел Мінскага РУЎС распачаў крымінальную справу ў дачыненні да двух маладзёнаў, затрыманых у Курапатах увечары 1 лістапада. Іх падазраюць у знішчэнні памятных крыжоў. Справа распачатая па крымінальным артыкуле за здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, якая прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі да трох гадоў, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, дваіх жыхароў Мінска затрымалі актывісты апазіцыі. П’яныя маладзёны ламалі памятныя крыжы на алеі, якая вядзе ад Крыжа пакутаў да ўзвышша з мемарыяльным каменем ахвярам сталінізму.

Гэта першае затрыманне вандалаў у Курапатах, хаця падобныя злачынствы нярэдка адбываюцца на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзянаў камуністычнымі ўладамі.