Квіткі на "Гластанбэры" спрадалі за пяць месяцаў да фэсту

Арганізатары брытанскага музычнага фэсту "Гластанбэры" абвясцілі, што ўсе квіткі на мерапрыемства, якое адбудзецца праз пяць месяцаў, распрададзеныя, паведамляе BBC News. У кастрычніку мінулага года на сайце фэсту была запушчаная сістэма рэгістрацыі і рэзервавання квіткоў з адтэрмінаванай аплатай да 1 лютага 2009 года. У першы ж дзень продажаў была раскупленая палова квіткоў. 5 красавіка адбудзецца паўторны продаж квіткоў, ад якіх па тых альбо іншых прычынах пакупнікі адмовіліся.

Нагадаем, што квіткі на леташні фэст, хэдлайнерам якога выступіў амерыканскі рэпер Jay-Z, так і не былі распрададзеныя да канца. У дзень пачатку фэсту ў продажы меліся тры тысячы квіткоў.

Паміж тым хэдлайнеры "Гластанбэры-2009" дагэтуль не абвешчаныя. Паводле чутак, сёлета на галоўнай сцэне фэсту могуць выступіць Брус Спрынгсцін, Ніл Янг і адроджаныя Blur.

"Гластанбэры" – найбуйнейшы музычны фэст Вялікабрытаніі і Еўропы, які праводзіцца штогод у апошні ўік-энд чэрвеня ў графстве Сомерсэт. У 2009 годзе фэст пройдзе з 24 па 28 чэрвеня.

Фота:  www.rockgeroy.ru