Ламбарды становяцца альтэрнатывай банкаў

Пад заклад ідуць не толькі аўтамабілі, але і пральныя машыны, мабільнікі, газонакасілкі
У сталічных ламбардах мінчукі знаходзяць альтэрнатыву банкам. Не жадаючы збіраць неабходныя паперы для атрымання крэдыту, яны закладаюць розныя рэчы. Каб атрымаць пазыку ў ламбардзе, дастаткова мець пашпарт ды быць старэйшым за 18 гадоў.

Вось што распавядаюць у сталічным ламбардзе “Гузол”:

“Чалавек, калі не ўпэўнены, што зможа пагасіць крэдыт у банку, прыносіць нам нейкую рэч, а мы выдаем яму палову ацэначнага кошту тавару”.

Закласці ў ламбард можна самыя розныя рэчы — ад мабільніка да пральнай машыны. Аднойчы пакінулі нават газонакасілку.

Супрацоўнік ламбарда “Гузол”: “Трэба было ісці на дзень нараджэння, а грошай не было. Пакінулі газонакасілку і потым яе не забралі, прыйшлося нам рэалізоўваць”.

Паводле звестак "Інтэрфакса", штодзень кожны сталічны ламбард наведваюць ад 30 да 100 асобаў. У саміх ламбардах кажуць, што іх заўсёдашнія кліенты — не "алкаголікі ды дармаеды", а бізнесмены. Часцей за ўсё яны пакідаюць у заклад свае аўтамабілі, каб закупіць нейкі тавар і пусціць яго ў абарачэнне.

Звычайна з кліентам заключаецца ўмова. У ёй прапісваецца, на які тэрмін патрэбныя грошы і вызначаецца адсоткавая стаўка. Чым большы тэрмін пазыкі і вартасць рэчы, якую вы пакідаеце, тым меншы адсотак, кажуць у “Гузоле”. Напрыклад, калі пакінуць маёмасць коштам 20 тысяч рублёў на тыдзень, то трэба будзе плаціць 4% у дзень. А калі кошт тавара ацэняць на тысячу долараў, то стаўка складзе  5% у месяц.

Звяртаюцца ў ламбарды і самыя звычайныя людзі — праўда, часцей гэта мужчыны. Яны пераважна закладаюць каштоўныя ўпрыгожванні. Прымаюць, канечне, і залатыя зубныя каронкі, хаця і менш ахвотна. У ламбардзе “Вісем” кажуць, што за пакінуты на месяц залаты выраб можа набегчы нават 30%.

Супрацоўніца ламбарда “Вісем”: “Ад кошту вырабу адымаецца 1,5% за кожны дзень. На 3 дні — 4,5 адсоткі, а на месяц — 30”.

Напрыклад, вы хочаце закласці ў ламбард пярсцёнак коштам у 100 тысяч рублёў на 30 дзён. Можна атрымаць 70 тысяч пазыкі, а праз месяц 100 тысяч рублёў трэба будзе вярнуць ламбарду. Аднак можна знайсці і больш выгадныя ўмовы пазыкі.

Адсоткавая стаўка ў банку, вядома, будзе ніжэй, але працэдура атрымання грошай значна больш складаная. У "Беларусбанку" можна пазычыць 200 тысяч рублёў пад 21% гадавых.

Супрацоўніца "Беларусбанка":
“Гэта на тры гады 23%, а на адзін год — 21%”

Праўда, для гэтага спатрэбіцца мінімум адзін паручыцель ды вашае і яго пасведчанні аб даходах.

У ламбардах апошнім часам скардзяцца на цяжкае фінансавае становішча. Дзяржава не спяшаецца аддаваць ім грошы за выкупленае золата, кажуць у ламбардзе ЛБК:

“У ламбарды здаюць золата. Калі кліенты яго не выкупляюць, ламбарды здаюць яго дзяржаве. А дзяржава не плаціць своечасова. У яе няма грошай...”.

Калі раней дзяржава пералічвала грошы цягам 2 тыдняў, цяпер не аддае іх ужо месяц. Таму ламбарды "выкручваюцца" як могуць і прымаюць у заклад нават рэчы вартасцю 5 тысяч рублёў.


Фота — voronezh.ru