Латвійскі метэарыт аказаўся фальшыўкай

"Нябесны аб'ект", які, па інфармацыі латвійскіх спецслужбаў, упаў у нядзелю на поўначы Латвіі, аказаўся фальшыўкай.

Пра гэта ў размове з агенцтвам “РИА Новости” заявіў кіраўнік Інстытута астраноміі Латвійскага Ўніверсітэта Ілганіс Вілкс.

Ён разам з групай навукоўцаў з Латвіі і Эстоніі аглядаў месца здарэння. Як паведамлялася, у Валміерскім раёне Латвіі ў нядзелю ўпаў метэарыт. У выніку ўтварыўся кратэр шырынёй 20 і глыбінёй 10 метраў, людзі не пацярпелі.

Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што аб'ект мог быць не метэарытам, а штучным спадарожнікам Зямлі або яго фрагментам.

Аднак на думку Вілкса, варонка была выкапана штучна. Хутчэй за ўсё, рыдлёўкамі. Ніякага метэарыта або фрагментаў спадарожніка там не знойдзена. “Уся гэта гісторыя аказалася качкай. Метэарыт — фальшыўка", — падкрэсліў навукоўца.