Лаям Гэлэхер раскажа ўсю праўду пра Oasis

Экс-вакаліст Oasis Лаям Гэлэхер пагражае распавесці ўсю паднаготную сваёй былой каманды.
Праўда, музыка яшчэ не вызначыўся, у якім выглядзе ён гэта зробіць – ці з дапамогай мемуараў, ці фільма-байопіка.

Нагадаем, што нядаўна Гэлэхер-малодшы заснаваў уласную кампанію па вытворчасці кінастужак, першым праектам якой стане карціна пра апошнія дні The Beatles. Нешта падобнае ён плануе зрабіць і пра Oasis.

«Так, гэта вырашана, я распавяду пра Oasis. Усю гісторыю, якой бачыў яе я, - кажа Лаям. – Пакуль не ведаю, будзе гэта кніга ці фільм. Я ўжо не памятаю некаторых момантаў на самым пачатку нашай кар'еры, таму дзейнічаць прыйдзецца хутка – каб не забыцца і ўсё астатняе!».

Нагадаем, што Oasis распаліся летам мінулага году, пасля сыхода з гурта гітарыста і аўтара песень Ноэля Гэлэхера – старэйшага брата Лаяма. Зараз вакаліст і астатнія экс-удзельнікі Oasis працуюць над дэбютным альбомам свайго новага праекта Beady Eye – у той час як Ноэль запісваецца сольна.

Фота: noonradio.com