Леанарда ды Капрыа стане паспяховым брокерам 90-х

Марцін Скарсэзэ і Леанарда ды Капрыа зноў будуць працаваць на адной здымачнай пляцоўцы. Як паведамляе Variety, Скарсэзэ збіраецца экранізаваць аўтабіяграфічную кнігу Джордана Белфарта "Воўк з Уол-Стрыт", якая з’явіцца ў хуткім часе. Галоўную ролю паспяховага брокера Белфарта ў стужцы будзе граць ды Капрыа.

Паводле сцэнару, яго герой праводзіць 20 месяцаў за кратамі, бо адмовіўся супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі, якія расследуюць грандыёзныя аферы буйных банкаў і нават мафіёзных кланаў на Уол-Стрыт у сярэдзіне 90-х.

У цэлым фільм будзе чымсьці нагадваць вядомую драму Спілберга "Злаві мяне, калі здолееш": большая частка будзе прысвечаная ўзаемаадносінам Белфарта і агента ФБР, які вядзе яго справу.

Дадам, што тэрміны працы над фільмам яшчэ не вызначаныя. І нагадаю, што на цырымоніі ўшанавання "Оскарам", якая праходзіла ў канцы лютага, Скарсэзэ быў прызнаны найлепшым рэжысёрам 2006 году.

Фота: www.newsru.com