Леанід Маракоў адзначае свой юбілей прэзентацыяй сайта і выданнем кнігі

Пісьменнік Леанід Маракоў адзначае свой 50-гадовы юбілей прэзентацыяй свайго сайта, прысвечанага рэпрэсаваным беларусам. Яна пачнецца 16 красавіка а 18-й гадзіне ў мінскім офісе Партыі БНФ. Вось што распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё Леанід Маракоў:

"Будзе прэзентацыя гіперсайта. Там ужо 15 тысяч біяграфій вісіць. Пошукавая найноўшая сістэма дазваляе адшукваць прозвішча менш чым за секунду. Ні на адным сайце я яшчэ не бачыў такую сістэму. І плануецца там змясціць з цягам часу больш за 100 тысяч біяграфій".

Адначасова пісьменнік прадставіць сваю новую кнігу - "Сшытак забітага кантрабандыста", прысвечаную змаганню беларусаў на працягу апошніх 30-ці гадоў з палітычнай і эканамічнай няволяй.

Леанід Маракоў: "Такія дакументальныя апавяданні, у сацыяльна выпрацаваным лёгкім для чытання стылі. З нечаканымі фіналамі, дынамічнымі сюжэтамі. Такое еўрапейскае апавяданне, сучаснае, з містыкай, фантастыкай, прыгодамі, элементамі дэтэктыва".

Дарэчы, напярэдадні юбілею Маракоў падлічыў, што за дзесяцігоддзе творчай працы выдаў 20 тамоў сваіх твораў і даследаванняў. За гэты час ён напісаў 60 апавяданняў, каля 200 мініятур, каля 100 эсэ, біяграфічныя зборнікі рэпрэсаваных уключаюць каля 20 тысяч біяграфій.