Лекар-беларус запатрабаваў экстрана пасадзіць самалёт

Каб выратаваць жыццё немаўляці, лекару з Беларусі давялося прымусіць экіпаж пасадзіць самалёт, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”.
Шасцімесячная дзяўчынка разам са сваёй маці ляцела з Нальчыка ў Маскву. У расійскай сталіцы дзіцяці, якое пакутавала ад гідрацэфаліі, павінны былі зрабіць аперацыю.

Праз 20 хвілін пасля таго, як самалёт узляцеў, у дзяўчынкі паднялася тэмпература і пачаліся сутаргі.

У самалёце апынуўся лекар з Беларусі Дзмітрый Строеў, які не практыкуе ўжо чатыры гады, а займаецца ў Расіі бізнесам. Ён запатрабаваў ад экіпажа, каб самалёт пасадзілі, паколькі на борце не аказалася неабходнага абсталявання, каб аказаць дзяўчынцы дапамогу.

Самалёт пасадзілі ў Валгаградзе. Каля трапа маму з хворай немаўляці чакала “хуткая”. Цяпер дзяўчынка ўжо прыйшла ў прытомнасць, пачала есці і нават усміхацца.