Лекар-інфекцыяніст Шаўлоў: У Беларусі эпідэмія атыповай пнеўманіі

У Беларусі — эпідэмія атыповай пнеўманіі. Такое меркаванне ў адкрытым лісце, накіраваным у СМІ Беларусі, выказаў асістэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Шаўлоў. Медык сцвярджае, што яшчэ 25 кастрычніка падчас кансіліўму ў рэанімацыі 6-й клінічнай лякарні Мінску ён заявіў галоўнаму пульманолагу Мінздароўя Беларусі, што яны "маюць справу з атыповай пнеўманіяй". Праз два тыдні лекар падаў свае прапановы галоўнаму інфекцыяністу Мінздароўя. У адказ пачуў, што ўжо даўно ўсё робіцца і захворванне ідзе на спад.

"Другі месяц у рэспубліцы шугае пажар: пандэмія грыпу захліснула дзяржаву, у чарговы раз паказаўшы гніласць сістэмы аховы здароўя і нашу поўную неабароненасць", — гаворыцца ў лісце лекара-інфекцыяніста. Шаўлоў лічыць, што інфармацыя, якую падае грамадскасці Міністэрства аховы здароўя, не адпавядае сапраўднасці.

Як паведаміў Шаўлоў у інтэрв'ю БелаПАН, ён выступіў з адкрытым лістом, бо лічыць неабходным паінфармаваць грамадскасць пра тое, што адбываецца ў Беларусі з захворваннем на грып і пнеўманію. Кажучы пра колькасць хворых, медык заўважыў, што можа меркаваць толькі пра тое, што выпадкаў захворвання на пнеўманію, якая працякае вельмі цяжка, шмат у асобных клініках сталіцы. Па ягоных звестках, уся інфармацыя пра такія выпадкі акумулюецца ў Мінздароўя, куды паступае штодня. У цяперашні час у медустановах ёсць лекі для лячэння грыпу і пнеўманіі. Аднак наколькі вялікія іх запасы і якая запатрабаванне ў іх, Шаўлоў сказаць не змог.

Нагадаем, па афіцыйных звестках на 23 лістапада ў Беларусі лабараторна пацверджаныя 179 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1). На 19 лістапада вірус грыпу A (H1N1) быў выяўлены ў 13 чалавек, памерлых ад пнеўманіі. Пра колькасць выпадкаў пнеўманіі і смерцяў ад яе ў эпідэмічны перыяд Мінздароўя не паведамляе.