Лес каля Жодзіна патануў у гноі

Амаль 1300 дрэваў загінулі ў Жодзінскім лясніцтве. Прычынай гэтага стала гнаявая жыжка, якая трапіла на лясныя землі з бліжэйшага жывёлагадоўчага комплексу.  Як выявілася, ужо амаль паўтара года сельскагаспадарчае прадпрыемства  "Будагава" Смалявіцкага раёна запампоўвае гной у лес, паведамляе сайт "Барысаў электронны". У выніку несанкцыянаванага выкідвання каля 20 тысяч тон жывёлагадоўчых сцёкаў была парушаная экасістэма лясной тэрыторыі. Таксама адбылося забалочванне амаль 3 гектараў лесу, дзе ўсё парасло чаротам. Страты склалі 635,5 кубаметра ліквіднай драўніны, або 259,4 мільёна рублёў.
 
Дарэчы, кантралёры таксама выявілі жывёламогільнік комплексу «Будагава», размешчаны з парушэннем ветэрынарных правіл і прыродаахоўнага заканадаўства. 576  загінулых свінняў былі закапаныя на могільніку, размешчаным у другім поясе санітарнай аховы артэзіянскай свідравіны. Вада з яе, між іншага, ішла якраз у гэты ж комплекс? і ёй карысталіся 50 аператараў, што працуюць там.
 
На кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства і начальніка жывёлагадоўчага комплексу «Будагава» распачатыя крымінальныя справы.