Лібералізацыя: прадпрыемствы не штрафуюць за смецце

Затое кожнага з нас могуць аштрафаваць на 175 тысяч рублёў, калі кінеце шкло ў кантэйнер для паперы Тэарэтычна такі штраф прапісаны ў Адміністрацыйным кодэксе — гаворыць намесніца старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Аўрамчык.

Таццяна Аўрамчык:
“Безумоўна, кантралявалася гэта сітуацыя. І, зразумела, усе адкіды павінны быць падзеленыя па відах і класах”.

Раней супрацоўнікі гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выязджалі з інспекцыямі — правяралі, ці сартуюць прадпрыемствы смецце перад тым, як выкінуць яго ў кантэйнеры. Але зараз такія праверкі прыпыненыя.

Таццяна Аўрамчык: “Вы ж ведаеце, што ёсць указ па праверках? Крыху яны прыпыненыя. Таму ў гэтым годзе быў спад гэтых праверак”.

Сачыць за простымі людзьмі пакуль не будуць.

Таццяна Аўрамчык: “Калі мы жывем у шматпавярховым доме, то там ёсць смеццеправод і там не адсочыш — хто што раніцай выкінуў. Па-другое, у Мінску сёння больш за 7 тысяч кантэйнераў для раздзельнага збору. Вялізныя гэтыя кантэйнеры, дзе можна змяшчаць і ПЭТ-тару, і макулатуру, і жалеза, і шкло. Зараз праблема ў тым, каб своечасова ўсё гэта вывезці”.

Перапрацоўкай смецця займаецца аб’яднанне “Камунальная гаспадарка Мінгарвыканкама”. Галоўны інжынер Георгій Селяўка лічыць, што штрафамі нічога не даб’ешся.

Георгій Селяўка: “Штрафы ніхто не выпісвае. Дай Бог, каб людзі выкідалі хаця б у два кантэйнеры! У адзін — як смецце, а ў другі — як другасныя рэсурсы. Гэта і тое добра будзе”.

Больш за тое: паводле слоў галоўнага інжынера, галоўнае — каб смецце, якое ні да чаго не прыдатнае, была аддзеленае ад смецця, якое можна перапрацаваць. А тое, што папера перамяшаецца са шклом, для перапрацоўшчыкаў не страшна.

Георгій Селяўка:
“Другасныя рэсурсы, якія сабраныя раздзельным спосабам, трэба ў любым выпадку прагнаць праз сартавальную лінію”.

Атрымліваецца, што ставіць тры кантэйнеры побач — для паперы, шкла і жалеза — і няма асаблівай неабходнасці. А з улікам таго, што кошт аднаго кантэйнера, як раней паведамляла Еўрарадыё, вагаецца ад 570 да 760 тысяч рублёў, гэта і ўвогуле падаецца лішнім.