Лідэр беларускага футбольнага першынства прайграў у Смаргоні

У нядзелю, 5 жніўня, адбыліся шэсць матчаў 15 тура чэмпіяната Беларусі па футболе. Галоўнай сенсацыяй тура стала параза, якую дзеючы чэмпіён краіны і лідэр сёлетняга чэмпіяната, барысаўскі БАТЭ у гасцях пацярпеў ад “Смаргоні”. Адзіны гол у сустрэчы забіў у дададзены час першага тайма Зміцер Парфёнаў.

БАТЭ згубіў шанец адарвацца ад бліжэйшых пераследвальнікаў на 10 ачкоў, але заўзятараў гэта не засмучае. “Калі Смаргонь выйграе ў каманды якая de jure выйшла ў 3 раўнд Лігі Чэмпіёнаў УЕФА, дык наш чэмпіянат яшчэ не страчаны!” – Зазначыў нехта з іх на форуме сайта газеты “Прессбол”.

Іншыя вынікі тура:

“Нафтан” (Наваполацк) – “Нёман” (Гродна) – 1:0.

“Віцебск” – “Мінск” – 1:0.

“Тарпеда” (Жодзіна) – “Днепр” (Магілёў) – 2:0.

У парах “Дарыда” (Мінскі раён) – МТЗ-РІПО (Мінск) і Гомель — Шахцёр (Салігорск) зафіксаваная нічыя – 1:1.

Тур быў дайграны 6 жніўня. Брэсцкае "Дынама" са сталічнымі аднаклубнікамі згулялі ўнічыю 2:2.