“Лістапад-2009” прадэманструе 270 фільмаў і праедзецца па гарадах Беларусі

А яшчэ дырэктар кінафестывалю Аляксандра Захарэвіч збіраецца прывезці ў Мінск Пітэра Грынуэя і наблізіць “Лістапад” да фэстаў ў Карлавых Варах і Амстэрдаме Вялікі беларускі кінафорум “Лістапад-2009” адкрыецца 14-га лістапада дэманстрацыяй новага фільма Паўла Лунгіна “Цар”. На працягу тыдня мінскія кінааматары змогуць пазнаёміцца з фільмамі-прызёрамі еўрапейскіх кінафестываляў, сустрэцца з любімымі акцёрамі і нават, пры вялікім жаданні, наведаць майстар-класы Кшыштафа Занусі і Леаніда Ярмольніка.

Сёлета змянілася кіраўніцтва фестывалю, і месца дырэктара заняла Аляксандра Захарэвіч – некалі піяністка, праграмны дырэктар “Лістапада”, а цяпер аспірантка БДУКіМ, якая з вялікім імпэтам узялася за ўдасканальванне кінафестывалю.

Аляксандра Захарэвіч: Зразумела, што мы распрацавалі новыя праграмы для таго, каб зрабіць фестываль больш структураваным, больш лагічным. Сёлета мы робім, напрыклад, цікавую пазаконкурсную праграму “Паралелі”.  Увогуле атрымалася 6-7 праграм, якія мы пакажам не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах.

Еўрарадыё: Распавядзіце, калі ласка, пра праграму “Паралелі”

Аляксандра Захарэвіч: У праграме прадстаўленыя ігравыя фільмы, якія ўжо былі паказаныя на міжнародных кінафестывалях, аднак, якія не ўдзельнічаюць у конкурснай праграме. У прыватнасці, фільм Ежы Скалімоўскага “Чатыры ночы з Ганнай”, новая карціна Горана Паскалевіча “Мядовыя месяцы”… Гэта 14 ігравых карцін, кожная з якіх адлюстроўвае тэндэнцыі той альбо іншай краіны. Вельмі цікавая праграма, якая перш за ўсё перадае каларыт, напрыклад, Арменіі, Турцыі, Албаніі, Сербіі – самых розных краін, і адначасова знаходзіць і будуе паралелі паміж імі.

Еўрарадыё: Вядома, што на фэсце запланавана вялікая колькасць творчых сустрэч і майстар-класаў…

Аляксандра Захарэвіч: Так, 15-га лістапада ва Ўніверсітэце культуры пройдзе майстар-клас з Леанідам Ярмольнікам. 16-га – з Кшыштафам Занусі. Майстар-класы не будуць абмежаваныя нечым адным, акцёрскім выкананнем, напрыклад. Яны будуць уключаць і рэжысуру, і прадзюсаванне. То бок, мы паспрабавалі зарыентаваць майстроў такім чынам, каб студэнты-наведвальнікі “класаў” атрымалі максімальную выгаду. У межах кінафорума пройдуць творчыя сустрэчы з Лідзіяй Мікалаеўнай Федасеевай-Шукшыной, Васіліем Ланавым, Ігарам Склярам, Петэрам Сімам. Шмат сустрэч. З Занусі, напрыклад, творчая сустрэча адбудзецца яшчэ і ў Гомелі.

Еўрарадыё: То бок, фэст пашырае сваю геаграфію з мэтай кінаадукацыі рэгіянальных гледачоў?

Аляксандра Захарэвіч: Не скажу, каб адукацыі. Насамрэч, у рэгіёнах таксама ёсць разумныя людзі, якія цікавяцца кіно. Калі б было наадварот, думаю, што абласныя пракаты не звярталіся б да нас з заяўкамі. Іншая справа, што тым жа акцёрам і рэжысёрам, якія прыязджаюць у Мінск, часта бракуе часу паехаць некуды далей. Яны знаходзяцца ў Мінску дзень-два, і графік іх працы на фестывалі дастаткова жорсткі. Добра, што так атрымалася з Кшыштафам Занусі, з эстонцам Петэрам Сімам, а таксама з літоўскімі рэжысёрамі.

Еўрарадыё: 52 краіны падалі заяўкі на ўдзел у конкурснай частцы “Лістапада”. Якія фільмы туды ў выніку трапілі? Хто увойдзе ў журы сёлетняга “Лістапада”?

Аляксандра Захарэвіч: Так, у гэтым годзе мы атрымалі каля 300 заявак з 52-х краін. На дадзены момант у праграмах фестывалю прадстаўлена 50 краін, чые фільмы сябры адборачнай камісіі палічылі неабходным уключыць у праграму. Конкурсная праграма ігравога кіно будзе складацца з 18-ці фільмаў, сярод якіх “Прарок” Жака Адзіяра, “Мелодыя для катрынкі” Кіры Муратавай, “Музычная шкатулка” Фарзада Матамена, “Маўчанне Лорны” братоў Дардэнаў. Праграму неігравога кіно складуць 26 карцін. У дзіцячым “Лістападзіку” у конкурсе ігравога кіно пакажуць 8 фільмаў.

Узначаліць журы ігравых фільмаў народны артыст Расіі Павал Чухрай, неігравых – уладальнік “Нікі” Аляксей Паграбной, судзіць конкурсныя фільмы “Лістападзіка” запрошаны народны артыст Украіны Міхаіл Галубовіч. Апроч гэтага, на фэсце традыцыйна працуе глядацкае журы, якое ўзначаліць рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў, на чале журы кінапрэсы будзе стаяць Людміла Іванаўна Перагудава – рэдактар часопіса “На экранах”.

Еўрарадыё: Ці ёсць фестывалі – арыенціры для “Лістапада”?

Аляксандра Захарэвіч:
Не скажу, што хачу, каб “Лістапад” стаў фэстывалем класа “А”. Напрыклад, мне больш падабаецца амстэрдамскі кінафорум, альбо фестываль у Карлавых Варах. Гэтыя фестывалі вельмі лагічна пабудаваныя: там ёсць канкрэтныя праграмы, там ёсць мноства конкурсаў. На іх можна арыентавацца. Бо той жа Канскі кінафестываль у нейкай ступені – велізарны кінакірмаш і міф. Берлінскі фестываль недзе палітызаваны. То бок, кожны фестываль мае сваю ўнікальную афарбоўку, і хацелася б канешне, каб “Лістапад” таксама знайшоў сваю стылістычную афарбоўку.

Еўрарадыё: Якім Вы бачыце беларускі кінафорум праз 10 гадоў?

Аляксандра Захарэвіч: Зараз, вядома, пра гэта цяжка казаць. На дадзены момант я маю ўражанне глінянага калоса, які не мае выбудаванасці. А хочацца, каб гэта было нешта стабільнае, прэстыжнае, перспектыўнае.

Еўрарадыё: Каго са сваіх любімых рэжысёраў ці акцёраў Вы б хацелі аднойчы ўбачыць на фэсце?

Аляксандра Захарэвіч: Ужо ў гэтым годзе мы запрашалі на фэст Пітэра Грынуэя. На жаль, у яго не атрымалася прыехаць. А было б выдатна, калі б Грынуэй наведаў Мінск, бо ён вельмі цікавы чалавек з цікавым светапоглядам. Да таго ж, ён сапраўдны джэнтльмен! Спадзяюся, ён абавязкова прыедзе! На жаль, усе таленавітыя людзі вельмі абмежаваныя ў часе, а лістапад – гэта той час, калі ўсе яны рыхтуюцца да наступных фестываляў класу “А”, завяршаюць свае працы над фільмамі. Ну і, апроч гэтага, лістападаўскае надвор’е не зусім спрыяе раз’ездам па фестывалях.

Еўрарадыё: Саша, па якім крытэрыі Вы адбіраеце гасцей на “Лістапад”? Ці няма прынцыпу “кумаўства”: запрашаем тых, каго ведаем?

Аляксандра Захарэвіч: Не. Мы запрашаем акцёраў, якія бяруць удзел у гала-канцэрце. Таксама яны задзейнічаны ў майстар-класах, творчых сустрэчах. Як заўсёды, гэта прадстаўнікі конкурсных фільмаў. Таксама ў гэтым годзе мы запрасілі аўтараў пазаконкурснай праграмы, якія, падчас дэманстрацыі фільмаў у кінатэатры, прадставяць свой фільм, то бок, пакажуць частачку здымачнага працэсу, адлюструюць яе і зробяць бліжэйшай для гледача.

Для саміх акцёраў нецікава проста прыехаць, бо гэта дастаткова складана: выехаць а 11-й з Масквы, прыехаць у шэсць раніцы ў Мінск, схадзіць на цырымонію адкрыцця ў 17.00 і ў 23.00 з’ехаць назад у Маскву. Таму госці задзейнічаныя ў розных мерапрыемствах і бачаць сэнс свайго прыезду на “Лістапад”.

Еўрарадыё: Гала-канцэрт на “Лістападзе” таксама новаўвядзенне? Што ён будзе сабою ўяўляць?

Аляксандра Захарэвіч: Ён будзе складацца з некалькіх нумароў. На сцэну выйдуць Анастасія Макеева, Сяргей Кашонін, Яўген Леонаў-Гладышаў, Таццяна Дароніна. Што яны будуць рабіць на сцэне – няхай застанецца таямніцай. Тым больш, што квіткі на гала-канцэрт можна набыць у касах.

Еўрарадыё: Хто дапамагае Вам ў падрыхтоўцы фестывалю?

Аляксандра Захарэвіч: Людзі, якім хочацца выказаць аграмадную падзяку – гэта Ірына Мікалаеўна Дзям’янава, Кацярына Прохарава, Ксенія Даніна, Анастасія Дашкевіч.

Еўрарадыё: Саша, ці не падаецца Вам, што фільмы-ўдзельнікі “Лістапада” часам складаныя для ўспрыняцця звычайнага гледача? На каго перш за ўсё яны зарыентаваныя?

Аляксандра Захарэвіч: Гэтае пытанне стаяла, калі мы адбіралі фільмы для конкурснай часткі. Мабыць таму, той жа Ежы Скалімоўскі апынуўся па-за конкурсам. Справа ў тым, што ў рэгламенце “Лістапада” ёсць важны пункт: удзельнічаюць фільмы толькі тыя, якія былі паказаныя на іншых фэстывалях і атрымалі нейкія прызы. Безумоўна, “Прарок” – гэта далёка не простая карціна, “Лепшыя рэчы” Дуэйна Хопкінса таксама. Тым не менш, сёлета на фестывалі можна будзе паглядзець шэраг карцін, якія былі намінаваныя на “Оскар”, напрыклад, на тыя прэміі, якія адлюстроўваюць цікавасць масавага гледача. То бок, гэта не элітарнае кіно, але, у пэўнай ступені, і не масавае. Мне падаецца, яны будуць запатрабаваныя на “Лістападзе”.

Еўрарадыё: Ці глядзелі Вы забаронены ў нашай краіне фільм “Бруна”? Што думаеце наконт забароны кінапрадукцыі ў розных краінах?

Аляксандра Захарэвіч: Асабіста я гэты фільм не глядзела. Але мне падаецца, што на дадзены момант такія забароны – гэта глупства, таму што забарона правакуе дадатковую цікавасць гледача да прагляду карціны. Напрыклад, фільм “Прарок” будзе ісці ў Беларусі ў абмежаваным пракаце: нягледзячы на тое, што гэта таксама складаны фільм, яго можна будзе паглядзець. Кожны чалавек можа выбіраць і павінен выбіраць тое, што ён лічыць для сябе патрэбным.

Еўрарадыё: Кінакрытыкі апошнім часам разважаюць наконт умоўнасці падзелу фільмаў на “мастацкія” і “дакументальныя”…

Аляксандра Захарэвіч:
Сёлета мы адыходзім ад падобнага падзелу, то бок у нас больш няма “мастацкага” і “не мастацкага” кіно. У нас ёсць “ігравыя” і “неігравыя” фільмы, а таксама анімацыйныя. Ну як можна сказаць, што дакументальны фільм не мастацкі?! Кожны твор мастацтва нясе тую ці іншую долю мастацкасці.

Еўрарадыё: Саша, Вы вучыцеся ў аспірантуры БДУКіМ. Ці звязаная вашая кандыдацкая праца з кіно? І ці дапамагае Вам вучоная ступень рабіць кінафестываль “Лістапад”?

Аляксандра Захарэвіч: Да ступені яшчэ трэба дажыць! Вядома, дапамагае. Мне вельмі пашанцавала з навуковым кіраўніком – Верай Паўлаўнай Пракапцовай, якая вучыць думаць, вучыць ацэньваць кожнае слова, і проста так яно не з’яўляецца ў той жа дысертацыі. Заўсёды ў жыцці з’яўляюцца людзі, якія табе нешта даюць… Я пішу пра прынцыпы эпічнага тэатра ў оперы і балеце. Вядома, ёсць нешта агульнае з кінематографам. Толькі вось часу ўжо не хапае на дысертацыю!(смяецца)

Еўрарадыё: Якія фестывальныя фільмы павінны абавязкова паглядзець слухачы Еўрарадыё?

Аляксандра Захарэвіч:
Варта ісці на любы фільм, каб зразумець, што хацеў сказаць рэжысёр, якая ідэя гэтага фільма, падабаецца ён ці не, убачыць, у чым спецыфіка брытанскага, французскага кінематографа і т.д.

Еўрарадыё: Чаму адкрывае фестываль “Лістапад” карціна Паўла Лунгіна “Цар”?

Аляксандра Захарэвіч: Таму што гэта моцная карціна з геніяльным акцёрскім складам. Яна будзе ісці 14-га лістапада ў кінатэатры “Беларусь” у пяці залах, а потым будзе паказаная ў шырокім пракаце.

Еўрарадыё: Ці прадстаўленыя ў конкурснай частцы беларускія фільмы?

Аляксандра Захарэвіч: Так. У ігравым кіно гэта “Снайпер” Аляксандра Яфрэмава і “Інсайт” Рэнаты Грыцковай. Карціна Міхаіла Жданоўскага “Вечнае вяртанне” будзе паказана ў конкурсе “неігравога” кіно, і “Навагоднія прыгоды ў ліпені” Алены Туравай і Івана Паўлава прадставяць Беларусь у конкурснай частцы “Лістападзіка”.

Афіцыйны сайт фестываля: http://www.listapad.com/