Літоўскі шэнген – усім дзесяці пераможцам конкурсу Еўрарадыё!!!

Паехаць на кубачак кавы ў Вільню павінен быў толькі адзін з дзесяці ўдзельнікаў «Літоўскіх тыдняў» на Еўрарадыё. Але нашыя пераможцы настолькі зачаравалі амбасадара Літвы Эдмінаса Багдонаса, што той вырашыў падараваць гадавую візу кожнаму з іх.




Эдмінас Багдонас: «Ідэя такога конкурсу проста цудоўная! Не трэба спрачацца, каму належыць ВКЛ і герб «Пагоня» — беларусам ці літоўцам, трэба сябраваць, знаёміцца і ездзіць адно да аднаго».



Пераможцы кажуць, што не надта і верылі, што гэта сур'ёзна. Зараз жа нашыя героі будуюць планы на лета ля Балтыйскага мора, мараць пракаціцца над Вільняй на паветраным шары і, зразумела, наведаць фестываль  «Be2gether».





Еўрарадыё ў сваю чаргу таксама было здзіўлена: палова фіналістаў — праграмісты.
Вось якія людзі нас слухаюць!

Галоўны пераможца  «Літоўскіх тыдняў» Сяргей Бычкоў акрамя візы атрымаў спецыяльны прыз — week-end на дзве персоны ў спа-цэнтры Друскінінкая:



Сяргей: «Я проста слухаў усе рэпартажы і адказваў на пытанні. Перамога быць чаканай, канечне, не можа, таму вельмі прыемна, што так атрымалася. Некаторыя з маіх сяброў таксама ўдзельнічалі. Але, на жаль, ніхто у «дзясятку» не патрапіў».

Алена Марціновіч таксама адказвала на пытанні разам з сяброўкай, але сярод пераможцаў  апынулася толькі адна дзяўчына.



Алена: «У мяне не было ніякай надзеі, што сярод 665 удзельнікаў я траплю ў «дзесятку». Зараз адчуваю лёгкую разгубленасць і хваляванне. Я ніколі не была ў Літве, хачу пабачыць сталіцу, замкі і, канечне, фестываль «Be2gether».

Нашаму наступнаму пераможцу Максіму з адказамі на пытанні конкурсу дапамагла 2-х тыднёвая паездка ў Вільню на Каляды. 



Максім: «Гэта горад маёй мары. Не раз яшчэ туды паеду. Літоўская культура і гісторыя вельмі прыгожыя і моцна ўражваюць. Я перыядычна чытаю сайт ЕРБ, але чамусьці не звярнуў ўвагу на банеры. Пра «Літоўскія тыдні» пачуў у эфіры».

Аляксандру Жукаву ў нашых конкурсах шанцуе не ўпершыню — год таму ён стаў пераможцам  «Чэшскіх тыдняў» на Еўрарадыё:



Аляксандр: «У Літве я быў шмат разоў, вельмі люблю гэтую краіну — з ёю многа звязана нават у маіх продкаў. Зараз хачу проста паехаць, пашпацыраваць па Вільні. Там адчуваеш сябе як дома, пачуць мілагучную літоўскую мову, якую, спадзяюся, у будучыні буду вывучаць. Да таго ж паеду на «Be2gether» — у мінулым годзе мы выдатна бавілі там час».

А вось пераможца Максім сваім шэнгенам абавязаны… жонцы!



«Таму гэта перамога для мяне прыемна ўдвая! — распавядае Максім. — Мы з жонкай вельмі хацелі напачатку лета з'ездзіць у Літву. Я сачыў за рэпартажамі кожны дзень, таму адказваць на пытанні мне было няцяжка!»

Карыстальніца жывога журналу Алена Лятун даведалася пра конкурс праз ЖЖ-суполку людзей, якія падарожнічаюць аўтаспынам.



Алена: «Я вучылася ў Вільні, таму горад ды і краіну ведаю добра. Калі некаторыя пытанні падаваліся цяжкімі — слухала рэпартажы Еўрарадыё. Я вельмі хачу паехаць да Балтыйскага мора. 2 гады таму падарожнічала аўтаспынам па Куршскай касе — гэта было лепшае лета ў маім жыцці!».

Еўрарадыё жадае ўсім нашым пераможцам здзяйснення іх «літоўскіх» мараў і цікавых падарожжаў. Сустрэнемся на «Be2gether»!!!!