Лукашэнка абяцае працяг эканамічнай лібералізацыі

Такія абяцанні кіраўнік Беларусі даў падчас выступу з Пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. "Беларусь павінна трапіць у трыццатку краін па прывабнасці прадпрымальніцкай дзейнасці. Але шмат чаго давядзецца зрабіць. У бліжэйшым часе будзе выдадзены новы ўказ аб ліцэнзаванні, накіраваны на спрашчэнне ліцэнзавання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кантролем за продажам беларускіх тавараў за мяжой Лукашэнка даручыў займацца Камітэту дзяржкантролю. Ён мусіць падаць канкрэтны аналіз па дзейнасці ўрада па заваяванні новых рынкаў. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, у свой час была маса камандзіровак беларускіх чыноўнікаў па ўсім свеце, але ці ёсць ад іх эфект?

Акрамя таго, ён заявіў: "Да восені чакаю ад урада рашэнняў па кардынальным спрашчэнні падаткавай сістэмы".