Лукашэнка дазволіў стратным калгасам загінуць

З 2008 года датаванне паспяховых сяльгаспрадпрыемстваў у Беларусі будзе скарочанае на 50%. Фінансаванне стратных калгасаў неўзабаве будзе спыненае ўвогуле. Паводле рэсурса “Телеграф”, пра гэта падчас наведвання сяльгаспрадпрыемства "Гярвяты" заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах прэзідэнта, гаспадаркі, якім дзяржава дапамагла "падняцца з каленаў", павінны зарабляць самі. "Яшчэ праз год, а менавіта ў 2009 годзе, прадпрыемствы, якія працуюць добра, наогул не павінны атрымліваць ніякіх дзяржаўных датацый", – лічыць Лукашэнка.

Што датычыцца стратных гаспадарак, дык, па меркаванні прэзідэнта, яны павінны быць ліквідаваныя. "Хай гінуць! 13 гадоў іх на сваіх плячах носім. Хопіць ужо", – заявіў кіраўнік дзяржавы. Тым часам, зараз паспяховымі можна назваць толькі чвэрць усіх сяльгаспрадпрыемстваў Беларусі.

Lenta.ru