Лукашэнка: Мы будзем будаваць менш жылля ў цэлым
Лукашэнка адзначыў, што акцэнт ва ўзвядзенні новага жылля будзе змешчаны са сталіцы на рэгіёны.
"Мы будзем будаваць менш жылля ў цэлым, а будзем будаваць мэтанакіравана для тых, хто ў ім мае патрэбу", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка падчас наведвання Кобрынскага раёна, паведамляе БелаПАН.
Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ён "пацвердзіў планы аб выдзяленні бясплатнага жылля сем'ям пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці і значнай дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве жылля сем'ям з трыма дзецьмі". Дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, будуць павялічвацца ў залежнасці ад стану эканомікі, сказаў афіцыйны лідар.
Лукашэнка адзначыў, што акцэнт ва ўзвядзенні новага жылля будзе змешчаны са сталіцы на рэгіёны. У малых гарадах неабходна больш актыўна ствараць новыя працоўныя месцы і будаваць жыллё там, дзе патрэбна рабочая сіла, лічыць беларускі кіраўнік.
"У малых гарадах павінны быць прадпрыемствы, якія эфектыўна працуюць, каб там працавалі як мінімум 300 чалавек. Гэта будзе добрая прыбаўка і рэзерв. А потым пойдзем у аграгарадкі. Можа быць, там будуць адкрывацца філіялы ад раённых прадпрыемстваў", — заявіў Лукашэнка.