Лукашэнка на выбары не пойдзе, а Макей не супраць стаць прэзідэнтам

Наталля Пяткевіч збіраецца на пенсію і кажа, што пакуль яшчэ не дарасла да ўдзелу ў выбарах, ва Ўладзіміра Сямашкі шмат працы, а Ўладзімір Навумаў займаецца харчовай крамай і лічыць палітыку бруднай справай. На апошніх выбарах у Расіі і ва Ўкраіне спрабавалі зарэгістравацца кандыдатамі звычайныя людзі, якія мелі аднолькавыя з вядомымі палітыкамі прозвішчы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не плануюць узяць удзел у будучых выбарах прэзідэнта Беларусі простыя людзі з “гучнымі” прозвішчамі.

Так, Мікалай Лукашэнка расказаў Еўрарадыё, што да свайго ўдзелу ў выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты ён ставіцца адмоўна.

Мікалай Лукашэнка: “Адмоўна стаўлюся. Навошта пудрыць мазгі ўсім? Гэта не нашая справа — займацца палітыкай”.

Хаця прызнаўся, што галасаваць пойдзе. Праўда, за каго аддасць свой голас, пакуль не думаў.

Замест Уладзіміра Сямашкі па ягоным тэлефоне адказала жонка. І на пытанне, ці не збіраецца яе муж паўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата, адказала, што ў іх і без выбараў працы хапае.

Жонка Ўладзіміра Сямашкі:
“Вядома, мы б ад удзелу адмовіліся. Каму гэтыя гульні патрэбныя? Тым больш, з высокай палітыкай. У нас столькі працы, паверце, што няма нават калі пра гэта і думаць!”

А індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Сідорскі заявіў, што хоць і цікавіцца палітыкай, але сам ёю займацца не мае жадання.

Уладзімір Сідорскі:
“Не, натуральна, не! Гэта не маё. У мяне вышэйшая адукацыя, я ж павінен нешта ведаць пра гэта, таму і чытаю ўсё. Але займацца гэтым усім — гэта не маё. І я ведаю, што гэта не маё. У мяне, зразумела, ёсць сваё меркаванне наконт усяго, я магу яго выказаць, я не зусім апалітычны. Але я не да такой ступені цікаўлюся гэтым усім, каб… Усё ж, я ад палітыкі чалавек далёкі”.

Тым не менш адзначыў, што галасаваць пойдзе абавязкова, папярэдне вывучыўшы праграмы і біяграфіі ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Кажа, што яшчэ засталася вера ў тое, што яго меркаванне, яго выбар будзе сапраўды ўлічаны, і ён неяк здольны паўплываць на будучыню краіны.

Затое электрык сталічнага гатэля “Вікторыя” Ўладзімір Макей заявіў, што не супраць быў бы пазмагацца за пасаду кіраўніка краіны.

Уладзімір Макей: “А чаму б і не?! Адукацыі крыху ёсць, досведу набраў бы — дапамаглі б. Чаму б і не?! Я заўсёды здзіўляюся, калі чалавек кажа: “Я не пайду, я не магу, я не ведаю нічога”. Але ж не святыя гаршкі лепяць. Ён, у тым ліку, таксама ад пачатку не вельмі-та быў, як кажуць… Але ж усё з часам, з вопытам прыходзіць. Гэта ўсё напрацоўваецца, як і на кожнай іншай працы. Прыйдзеш — і тое, што ты ведаеш праз месяц, і тое, што ты ведаеш праз дзесяць гадоў, — розніца значная”.

Уладзімір Макей пахваліўся, што паспеў ужо зняцца ў невялікай ролі ў нейкім фільме, а зараз “прарываецца” да ўдзелу ў праграме “Адзін супраць усіх”. Прэзідэнцкія выбары могуць стаць чарговым этапам яго кар’еры.

А вось Наталля Пяткевіч збіраецца на пенсію, але кажа, што пакуль яшчэ не дарасла да ўдзелу ў выбарах.

Наталля Пяткевіч: “Ведаеце, я лічу, што пакуль яшчэ не дарасла да таго, каб браць удзел у выбарах”.

Праўда, адзначыла, што галасаваць пойдзе абавязкова.

А былы трэнер па скачках на лыжах з трампліна, цяпер дырэктар харчовай крамы Ўладзімір Навумаў заявіў, што ніколі не марыў пра кар’еру палітыка.

Уладзімір Навумаў: “Палітыка псуе людзей. Намеры заўсёды добрыя, але як толькі ён атрымлівае тое, што хацеў, — не зусім усё добра атрымліваецца. У мяне не было памкненняў у палітыкі, не рабіў я і кар’еры. Я заўсёды спадзяваўся толькі на сябе”.

І заўважыў, што палітыка — брудная справа, ад якой нармальным людзям лепш трымацца як мага далей. Але галасаваць, кажа, усё адно пойдзе.

Фота: naviny.by