Лукашэнка: Неабходна, каб у Беларусі пражывала хаця б 15 млн. чалавек

Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу на працягу амаль трох гадзін размаўляў з юнымі ўдзельнікамі Усебеларускай акцыі "Пытанне прэзідэнту". Асабіста задаць сваё пытанне кіраўніку дзяржавы ў Нацыянальную бібліятэку прыехалі 60 юных грамадзян з усіх куткоў Беларусі.  "Я хачу, каб наша жанчына нараджала не менш за траіх дзяцей", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы. Паводле яго слоў, дзяржава будзе ўзмацняць падтрымку шматдзетных сем'яў, у прыватнасці, яны змогуць атрымаць "жыллё за невялікі кошт, а можа, і бясплатна, у залежнасці ад развіцця эканомікі".

Лукашэнка адзначыў, што арганізацыя дэмаграфічнай бяспекі становіцца адным з асноўных кірункаў дзейнасці дзяржавы. Паводле яго слоў, неабходна, каб у Беларусі пражывала хаця б 15 млн. чалавек. БелаПАН нагадвае, што раней кіраўнік дзяржавы заяўляў пра 30 мільёнаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што не лічыць неабходным павялічваць пенсійны ўзрост у краіне.