Лукашэнка паехаў у Маскву вырашаць праблему, з якой не справіўся Сідорскі?

9 снежня на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц Мытнага саюзу мусіць канчаткова вырашыцца галоўнае пытанне, на якім "спатыкнулася" Адзіная эканамічная прастора. Яно тычыцца парадку размеркавання экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія вырабляюцца на беларускіх НПЗ з расійскай і венесуэльскай сыравіны. Учора гэтае пытанне не змаглі ўзгадніць прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Сідорскі і Уладзімір Пуцін. Менавіта яно стане ключавым на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў Мытнага саюзу, адзначае расійская газета "КоммерсантЪ".

Кіраўнік расійскага Мінэнерга Сяргей Шматко заявіў, што трохбаковая дамова аб прынцыпах функцыянавання і фармаванні агульнага рынка нафты і нафтапрадуктаў "практычна ўзгодненая". Аднак на справе праца над ім працягвалася. Апроч безвыніковых перамоваў Сідорскага і Пуціна, дамову ўчора да позняга вечара абмяркоўвалі ў расійскім Мінфіне на сустрэчы з з удзелам віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, а таксама кіраўнікоў Мінфіна і Мінэканомікі Беларусі.

Пытанне пра абкладанне мытамі беларускіх нафтапрадуктаў з сыравіны РФ абмяркоўваецца ўжо больш за 10 гадоў. Справа дайшла нават да Эканамічнага суда СНД.