Лукашэнка папрасіў Ферэру-Вальднэр наведаць Беларусь "як мага хутчэй"

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка папрасіў еўракамісара па вонкавых сувязях і палітыцы суседства наведаць Беларусь "як мага хутчэй". Пра гэта паведаміла журналістам 15 чэрвеня сама еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднэр.
Як паведамляе ПРАЙМ-ТАСС, яна заявіла, што пацвярджае пазіцыю ЕС: Еўрасаюз хоча, каб Беларусь пачала дыялог як толькі зможа.

"Я скажу ім, што належыць шмат зрабіць. Аднак у іх ёсць шанец узаемадзейнічаць з намі, калі яны зробяць тое, што павінны зрабіць", — сказала еўракамісар, не ўдакладняючы, пра што менавіта ідзе гаворка. Заходнія журналісты адназначна зразумелі гэтую фразу як паўтор патрабаванняў Еўрасаюза пра неабходнасць захавання правоў чалавека, забеспячэнні свабоды прэсы і самавыяўлення ды іншых крокаў па дэмакратызацыі Беларусі.

Нагадаем, што візіт еўракамісара планаваўся яшчэ ў сакавіку, аднак ён быў адкладзены па ініцыятыве еўрапейскага боку пасля візіту А.Лукашэнка ў Арменію. Цяпер Беніту Ферэра-Вальднэр чакаюць у Беларусі 21-22 чэрвеня.