Лукашэнку будзе здымаць "фатограф каралёў і прэзідэнтаў"?

Аляксандра Лукашэнку будзе здымаць вядомы на ўвесь свет фотамастак Саша Гусаў. Гэты чалавек здымае галівудскіх зорак, каралёў, прэзідэнтаў. Лічыцца, што партрэт ад Гусава — знак прэстыжу. Як паведамляе "Салідарнасць", гэтую інфармацыю пацвердзілі расійскія журналісты, а таксама піяр-мэнэджар, якая супрацоўнічала з фотамастаком па апошнім праекце. У прэс-службе беларускага кіраўніка заявілі, што ніякай інфармацыі наконт гэтага не маюць.

Сашу Гусава называюць "фатографам каралёў і прэзідэнтаў". Каля 20 гадоў таму ён з'ехаў з Расіі ў Лондан. За гэты час ён стаў адным з самых запатрабаваных фатографаў у свеце. Шмат гадоў фатограф рабіў здымкі для знакамітых аўкцыёнаў Sotheby's і Christie's. Але галоўная тэма творчасці Гусава — славутасці. Пласіда Дамінга, Юры Башмет, Пірс Броснан, Сара Джэсіка Паркер і Івэн Макгрэгар зяўляліся на яго фотапартрэтах.

"Салідарнасць" выказвае меркаванне, што лонданскі фатограф для Аляксандра Лукашэнкі — гэта чарговы праект лорда Бэла.