“Лукойл” пабудуе ў Беларусі запраўкі алімпійскага фармату

Расійская кампанія "Лукойл" выдаткуе 400 мільёнаў долараў на адкрыццё сеткі аўтазаправачных станцый алімпійскага фармату, паведамляе “Інтэрфакс”.

Мэтай праекту з'яўляецца стварэнне на камерцыйных і турыстычных маршрутах па напрамку да Сочы сеткі сучасных высокатэхналагічных АЗС з поўным комплексам паслуг, адпаведных патрабаванням міжнародных аўтаперавозчыкаў.

Плануецца, што праект будзе рэалізаваны ў Расіі, Беларусі, Украіне, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Малдове, Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Асноўнымі патрабаваннямі да АЗС алімпійскага фармату з'яўляюцца ўчастак плошчай ад 1,5-2 гектараў, поўны спектр безнаяўных сістэм разлікаў, доступ да Інтэрнэту, наяўнасць арганізаваных стаянак для легкавых і грузавых аўтамабіляў, турыстычных аўтобусаў.

Таксама фармат АЗС прадугледжвае максімальную прысутнасць алімпійскай сімволікі.