Ля ЧАЭС радыяцыйны фон у чатыры разы ніжэйшы за норму
У сувязі з маштабнымі ляснымі пажарамі радыяцыйная абстаноўка ў чарнобыльскай зоне не пагоршылася.
У адміністрацыі ДСП “Чарнобыльская АЭС” Еўрарадыё заявілі, што за апошнія чатыры дні радыяцыйны фон ля станцыі знаходзіцца ў межах нормы для гэтай тэрыторыі. Ён вымяраецца па 40 пазіцыях.
Кіраўнік аддзела па сувязям з грамадскасцю Віталь Мядзведзь, адзначае што сёння, 29 красавіка па стане на 10:00 радыяцыйны фон на 9 кропках вакол ЧАЭС — у межах нормы:
“Узровень вагаецца ад 0,66 да 19,4 мкЗ\г. У сярэднім па пляцоўцы 6,04 мкЗ\г. А гэта ў чатыры разы ніжэй за норму для гэтага месца”.
Ён таксама адзначае, што за апошнія дні сітуацыя па гама-выпраменьванні амаль не змянілася. Яшчэ некалькі дзён таму сярэднія паказнікі былі амаль на тым жа ўзроўні — 6,01-6,02 мкЗ\г.
Нагадаем, што пажар у зоне ЧАЭС лакалізавалі за 20 км ад электрастанцыі і за 5 км ад магільніка радыеактыўных адкідаў.
Ілюстратыўнае фота з сайта dozimetr.biz