“Ляпіс Трубяцкой” праедзецца з турам па лядовых палацах Беларусі

Сталі вядомыя канчатковыя даты гастрольнага туру гурта “Ляпіс Трубяцкой” па Беларусі. Калектыў паедзе па краіне ў падтрымку альбома “Маніфест”. Гурт наведае 8 буйных гарадоў.
Цікава, што ўсе канцэрты пройдуць у лядовых палацах. І толькі ў Лідзе, дзе палац дабудуюць толькі ў 2010 годзе, “Ляпіс Трубяцкой” сыграе ў Доме культуры.

Ці спецыяльна “ляпісы” абралі для туру менавіта лядовыя палацы? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да прадзюсера гурта Яўгена Калмыкова.

Калмыкоў: Канешне! А што нам у маленькіх залах граць!?

ЕРБ: А чаму б не на стадыёнах?

Калмыкоў: А раптам дождж!? Таму найперш арганізатары перастрахаваліся. Нам дык нічога страшнага. Дождж — мы не прыехалі, груба кажучы. А як будзе тым, хто купіў білеты, асабліва тым, хто іх прадаваў!?

Адзначым, што кошты на білеты ва ўсіх гарадах вагаюцца ад 30 да 60 тысяч рублёў.

Расклад туру:

4 траўня Гомель, Лядовы палац
5 траўня Гродна Лядовы палац
6 траўня Ліда Раённы Дом Культуры
7 траўня Магілёў Лядовы палац
8 траўня Бабруйск Лядовы палац
9 траўня Салігорск Лядовы палац
10 траўня Наваполацк Лядовы палац
11 траўня Брэст Лядовы палац