“Ляпіс” запаліў Лядовы палац у Брэсце

Публіка шалела, нягледзячы на шырока прадстаўленыя спецслужбы. Малінавыя ды чорныя берэты, міліцыя і сэк'юрыці ператрэслі на ўваходзе кожнага.
Сяргей Міхалок выйшаў і сказаў зале: "Нягледзячы на тое, што май кліча пацехамі, нягледзячы на тое, што гастраномы адчынілі дзверы перад аматарамі спіртнога і салодкага, мы сабраліся з вамі ў гэтай зоне культурнай бяспекі і спадзяемся стаць дабрэйшымі і лепшымі. Нягледзячы на пачварную знешнасць, мы вельмі дружалюбныя хлопцы".

Зона культбяспекі дзялілася на танцпол, які быў запоўнены цалкам (кошт 30 тысяч рублёў) і крэслы (40 тысяч рублёў). Народу было каля 1,5 тысяч. 

«Больш людзей тут сабралі тры гады таму назад толькі  брантазаўры року, група “Slade”.Тады занялі амаль усе месцы», - сказаў «Еўрарадыё» адміністратар “Лядовага”.

Праз паўтары гадзіны Сяргей Міхалок адзначыў сыход, сыграўшы драйвовую “Всё, харэ, отработали лавэ”. Але публіка зараўла: «Біс»! І шоўмэн патлумачыў: гэта розыгрыш, усё толькі пачынаецца. Будуць новыя песні! З-за дрэннай акустыкі хакейнага палаца словаў было не зразумець, але песні пайшлі па-беларуску.

Пасля канцэрту ў Лядовым «Ляпісы» збіраліся паехаць да дэсантнікаў у Паўночны гарадок. Двое з дэсантнікаў прыйшлі і на канцэрт у Лядовы. Канцэрт пахвалілі: "Добра, запальвае. Выйдзеш з брыгады, дык хочацца нешта новае".

Дэсантнікі танчаць як апантаныя! Праўда, нехта з камандзіраў заўважыў, што падначаленых фатаграфуюць і танцы спыніў.

У гэты самы момант Сяргей Міхалок пачаў дэкламаваць: "Славное время титанов – рабская цепь разорвется, земля проглотит тиранов. Трудиться – удел бога, халява – удел крысы. Вера – к счастью дорога, надежда единственный смысл".

Пасля чаго заспяваў “Belarus Freedom”.

Па канцэрце артыст сказаў: “Спасибо”, а публіка скандавала “Дзя-куй!”. На танцполе махалі бел-чырвона-белымі сцягамі, пранесенымі кантрабандай.





Перад канцэртам усіх абшукалі.



Танчаць дэсантнікі.



Танчыць Міхалок.

Здымкі
Паўла Грыня