“Ляпісы” паедуць у тур па Беларусі, калі ўлады не перашкодзяць (відэа)

“Ляпіс Трубяцкой” плануе арганізаваць тур па Беларусі пры ўмове, што ўлады не будуць чыніць перашкодаў.  Пра гэта паведаміў лідэр гурта Сяргей Міхалок, адказваючы на пытанні наведвальнікаў сайта Lenta.ru.

На яго думку, у нашай краіне сістэма правядзення канцэртаў нашмат складаней, чым у любой іншай кропцы планеты. Нават на Кубе ці ў цэнтры Ірака канцэрт правесці лягчэй, гаворыць Міхалок.

“Трэба атрымаць вельмі шмат дазволаў з розных інстанцый. Мы рабілі канцэрт у Віцебску, і давялося падаць арганізатарам канцэрту спіс песень і кароткі змест кожнай з іх. Размяшчаючы рэкламу, ніхто не застрахаваны ад таго, што за тыдзень да канцэрту можа паступіць званок з упраўлення культуры. Карацей, шмат ідэолагаў і ідыётаў ва ўсёй гэтай сістэме... Але, думаю, усё будзе нармалёва”.

Нагадаем, пасля выхаду альбома “Маніфест”, які ў верасні быў выкладзены для бясплатнага сцягвання ў інтэрнэце, “Ляпісы” адправіліся ў тур па Расіі.

Заўтра ў маскоўскім клубе "Б1 Maximum" адбудзецца афіцыйная прэзентацыя дыска. Калі будуць бліжэйшыя канцэрты ў Беларусі, пакуль невядома.