“Ляпісы”: першы канцэрт у Мінску за апошнія чатыры гады!

9 траўня гурт "Ляпіс Трубяцкі" выступіць у мінскім Палацы спорту з праграмай "Капітал". На “разагрэў” да беларусаў прыедуць “Кирпичи”. У апошні раз "Ляпісы" радавалі сталічную публіку буйным выступам ажно ў 2005 годзе. Тады яны выйшлі на сцэну Палаца спорту ў рамках сумеснага канцэрту з гуртаміі "Воплі Відаплясава" і "Zdob Si Zdub". А паўнавартаснага сольніка "Ляпіса Трубяцкога" ў Мінску не было ажно чатыры гады – з часоў прэзентацыі альбома "Залатыя яйцы" ў траўні 2004 года.

"Мінск для нас - самы адказны горад! - гаворыць Сяргей Міхалок. - Таму я рады, што мы выступім тут менавіта зараз, калі гурт і праграма знаходзяцца ў самай лепшай форме!"

Канцэрт стане своеасаблівым падвядзеннем вынікаў знакавага для калектыву альбома "Капітал", які за 2007 год у розных сваіх праявах (у тым ліку ў выглядзе кліпа) не толькі атрымаў нямала міжнародных узнагародаў, але і заваяваў любоў мноства прыхільнікаў рок-музыкі па ўсім свеце.

Сяргей Міхалок упэўнены, што гэта толькі пачатак: "Калі абапірацца на тэорыю папулярнасці Эдуарда Ханка, то ў нас зараз другая хваля. Я ведаю, на падыходзе трэцяя, а за ёй - дзевяты вал!"

Распачнецца канцэрт выступам гурта “Кирпичи” - аднаго з самых значных прадстаўнікоў расійскай рок-музыкі апошніх 10 гадоў.

Еўрарадыё запыталася ў прадзюсара “Ляпісаў” Яўгена Калмыкова, чаму “разаграваць” беларусаў будуць расійскія музыкі, а не, напрыклад, айчынныя:

“Таму што беларускіх музыкаў можна пабачыць на іншых канцэртах! А з “Кирпичами” сам Міхалок ужо гадоў пяць марыць адыграць на адным канцэрце. Скажам так: асабістая сімпатыя”.

ЕРБ: А чаму канцэрт пройдзе менавіта 9 траўня? З датай неяк падзея звязаная?

“Папросту лёс склаўся так…”