Лявон Вольскі ачуняў і гатовы да міні-канцэрту

24 ліпеня Лявон Вольскі зайграе эксклюзіўны міні-канцэрт ў "Містэрыі гуку", якая размешчаная ў ГЦ"Рыга".
Мерапрыемства з нагоды выхаду CD-версіі сольнага альбому музыкі "Куплеты і прыпевы" павінна было адбыцца некалькі тыдняў таму, але Лявон захварэў.

Тады ў сваім ЖЖ (lvolski.livejournal.com) музыка патлумачыў, што гэта быў "Нейкі моцны вірус. Высокая тэмпэратура і ўсе іншыя хваробныя радасці...". Там жа ён паабяцаў, што ўсё абавязкова адбудзецца.

Ужо зараз Лявон кажа, што "вірус быў сапраўды нейкі дзікі, але з дапамогай лекараў атрымалася яго перамагчы. Таму чакаю ўсіх у гэты чацьвер у "Містэрыі". Будзе міні-канцэрт, аўтограф-сэсія і фота".

Нагадаем, што больш выступаў з праграмай "Куплеты і прыпевы" музыка не плануе. CD-верcія сольнага альбому Лявона Вольскага, якая з’явілася ў продажы некалькі тыдняў таму, дадаткова змяшчае караоке-версіі ўсіх песень, тэксты, акорды і слоўнік выкарыстаных тэрмінаў.

Пачатак мерапрыемства а 18 гадзіне.