Лявон Вольскі выдае эксклюзіўны CD і грае эксклюзіўны канцэрт

26 чэрвеня запланаваны выхад CD-версіі сольнага альбома Лявона Вольскага "Куплеты і прыпевы". У гэты ж дзень а 18-й гадзіне адбудзецца прымеркаваная аўтограф-сесія, а таксама эксклюзіўны міні-канцэрт у краме "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга"). "Куплеты і прыпевы" будуць выдадзеныя на CD са шматлікімі бонусамі. Апрача арыгінальных 10 песень, выкладзеных у красавіку на сайце www.lvolski.com, аўдыёчастка будзе змяшчаць караоке-версіі ўсіх песень, а мультымедыйная частка – трэш-відэа "Эўравізія" ад Яўгена Новаша.

Лявон Вольскі: "Дыск будзе звычайным, стандартным, дарагаватым нават, з караоке, мультымедыйнымі дадаткамі і найвядомейшым кліпам".

Акрамя таго, дыск будзе мець сапраўды змястоўны буклет. У ім – тэксты і акорды да альбома, а таксама эксклюзіўны слоўнік, дзе Лявон Вольскі тлумачыць розныя словы і тэрміны, выкарыстаныя ў тэкстах. Сярод іх, "бадунец", "коркі", "цёркі" і шмат інш. Па словах музыкі, менавіта праз Інтэрнэт узнікла патрэба выдання сапраўднага дыска.

Лявон Вольскі: "Мы пайшлі насустрач працоўнаму люду нашай краіны, які настойліва патрабаваў зрабіць рэліз, бо хацеў мець не толькі раздрукаваныя з Нэту саматужныя вокладкі, але і нармальныя".


Не менш эксклюзіўным павінен стаць міні-канцэрт Вольскага, які адбудзецца ў дзень рэлізу ў краме "Містэрыя гуку" (ГЦ "Рыга"). Гэта будзе першае і можа адзінае жывое выкананне песень з альбому "Куплеты і прыпевы", таму што больш ніякіх канцэртных выступаў з гэтай праграмай спявак не плануе. Тым ня менш, Лявон Артуравіч не збіраецца спыняцца на дасягнутым, а працягваць шлях сольнага выканаўцы.

Лявон Вольскі: "Збіраюся, паглядзім, як што будзе. Цяпер проста часу няма..."