"Людзі ў чорным" застаюцца

Томі Лі Джонс і Ўіл Сміт пацвердзілі свой удзел у трэцім фільме "Людзі ў чорным".  Пра гэта паведамляе рэсурс ShowBiz411, прадстаўнікам якога атрымалася паразмаўляць з рэжысёрам праекта Бары Зоненфельдам. Паводле яго словаў, зараз ідзе праца над сцэнарыем фільма. Рэжысёр пацвердзіў, што "Людзі ў чорным 3" будуць знятыя ў стэрэаскапічным фармаце.

Нагадаем, што па непацверджанай пакуль інфармацыі ролі ў карціне таксама прапанаваныя брытанскаму коміку Сашы Барану Коэну і амерыканскаму акцёру Джошу Броліну.

Арыгінальны фільм "Людзі ў чорным" выйшаў у пракат у 1997 годзе. Пры бюджэце ў 90 мільёнаў долараў карціна сабрала ў пракаце каля 600 мільёнаў і была уганаравана прэміяй "Оскар" за лепшы грым.

Поспехі сіквела, выдадзенага ў 2002 годзе, аказаліся куды больш сціплымі - 440 мільёнаў долараў у сусветным пракаце і намінацыя на "Залатую маліну" для выканаўцы ролі галоўнага злодзея Лары Флін Бойл.

Трэцяя ж частка мусіць з'явіцца бліжэй да сярэдзіны 2011 года.  

Фота: collider.com