Маці расстралянага беларуса патрабуе выдаць ёй цела сына

Маці расстралянага па рашэнні суда Андрэя Жука паскардзілася ў Савет Міністраў і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк: – Маці скардзіцца на тое, што ёй не выдаюць цела сына і не паведамляюць, дзе ён пахаваны. Яна спасылаецца на рашэнне Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прынятае ў 2003 годзе ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь аб тым, што такая практыка ўтойвання месца пахавання з’яўляецца жорсткай і бесчалавечнай у дачыненні да родзічаў асуджаных.

Таксама маці просіць парламент скасаваць норму, якая забараняе выдаваць целы пакараных смерцю або паказваць месца іх пахавання, сказаў Раман Кісляк.

Нагадаем, што Андрэй Жук быў прыгавораны да расстрэлу ў ліпені 2009 года за напад і забойства двух працаўнікоў аграпрадпрыемства. 27 кастрычніка Вярхоўны суд  адхіліў касацыйную скаргу і пакінуў прысуд у сіле. Маці Жука накіравала ў Камітэт па правах чалавека ААН ліст, дзе звяртала ўвагу на тое, што ў ходзе разгляду справы былі парушаныя правы яе сына, найперш права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на жыццё. Скарга была зарэгістраваная, дзяржаве накіравалі просьбу дачакацца разгляду скаргі ў Камітэце. Але ў сакавіку 2010 года Андрэй Жук быў расстраляны.